Прайсці па жыцці без цэйтноту
Так распарадзіўся мой журналісцкі лёс, што ледзь не з самых першых гадоў сталай працы ў рэдакцыі давялося весці традыцыйны шахматны турнір на прызы газеты “Герой працы”. Згадваю Ігара Крутавуса, Аляксандра Драгуна, Алега Кавалеўскага, якія стаялі ля вытокаў турніру. Яны былі розныя людзі – і па стылю жыцця, і па іншых, акрамя шахмат, захапленнях. Але шахматы пераважвалі, без іх гэтых людзей уявіць было проста немагчыма. Адзін з іх педыятр, другі эканаміст, а Алега ведаў ужо як пенсіянера. У яго не было адной рукі, перастаўляў фігуры ён левай (як казалі жартам, чортавай) рукой, і так жыў гэтымі баталіямі, што проста пераўвасабляўся. Але выгляд ён меў не зусім ахайнага чалавека, піў гарэлку.
Сёння іх няма з намі. Алег памёр, Ігар з Аляксандрам выехалі з Шуміліна (хаця, здаецца, І. Крутавус жыў у Віцебску). На той час пачыналі “кар’еру” шахматыстаў Уладзімір Грыбаў, абальчанін Уладзімір Любімаў, Мікалай Кузьмін, Сяргей Кузьмініч, пазней прыйшоў у кагорту шахматыстаў раёна Мікалай Радайкін, да яго далучыўся дырэктар школы Алег Далімаеў. Часта прыязджаў на турніры Аляксандр Разуменка з Мішкавіч. Вельмі прагнула пахіснуць аўтарытэт шахматных “магнатаў” вучнёўская моладзь – Уладзімір Зданевіч, Генадзь Шкундзераў, зусім юны ў той час Георгій Архіпаў. Асаблівае слова заслужыў Дзмітрый Шэўчык. Здольны шахматыст, учэпісты, ігрок, які часта перамагаў. Так што нярэдка маладыя давалі сапраўдны бой “аксакалам”, бывала, што Д. Шэўчык перамагаў, і прыгожа, у свайго былога трэнера М. Кузьміна. Тады збіралася салідная група шахматыстаў двух, а то і трох пакаленняў.
Было гэта не так даўно, і ў памяці яшчэ цікавыя партыі з ахвярамі пешак і наогул гамбітамі, з “зяўкамі” і незвычайнымі дэбютамі, з масіраванымі атакамі і блакадамі. І абавязкова з цэйтнотамі, калі толькі і чуеш трывожныя і адчайныя шчаўчкі па кнопцы гадзінніка – знак, што часу на ўніклівае абдумванне хадоў ужо не ставала. Словам, было цікава, у Шуміліне жыў дух шахмат. І трэба сказаць, завадатарам усіх пачынанняў быў Уладзімір Вярлоў. Ён віцябчанін, так сталася, што пераехаў жыць з сям’ёй у Амбросавічы. Адтуль, за 15 кіламетраў ад Шуміліна, Уладзімір Міхайлавіч, лёгкі на нагу, спартсмен, дабягаў у райцэнтр ледзь не кожны дзень. Бег, каб наладзіць цікавы турнір па шахматах, дамаўляўся, выходзячы на даўнія сувязі, наконт удзелу ў нейкіх шаноўных турнірах у Віцебску, уцягваў у гэтую арбіту шумілінскіх калег.
Уладзімір Вярлоў – цудоўны арганізатар. Ён выйшаў на міжраённыя турніры па шахматах у полацка-глыбоцкай зоне. Пачыналі “ваяваць” з ушачанамі, ладзілі з імі камандныя спаборніцтвы. А затым уцягнулі ў турнір і спартсменаў з Докшыц і Глыбокага, Бешанковіч і Паставаў, Браслава і Лепеля. Часцей без усякіх камандзіровачных, за свае грошы, аплачваючы за бензін, яны ехалі на выхадныя ў Браслаў ці Глыбокае, каб насыціцца барацьбой. Іх сэрцы прагнулі баёў – шахматных, камбінацыйных.
У чэрвені У. М. Вярлоў святкаваў свой юбілей. Няхай яму шчасціць, няхай часцей усміхаецца Уладзіміру Міхайлавічу Яго Вялікасць фартуна.
Даўно вядзе гурток, працуючы з вучнёўскай моладдзю, Мікалай Кузьмін. Былі і ў яго не толькі асабістыя поспехі, а і выходзілі “ў людзі” ягоныя выхаванцы. Не адно пакаленне шахматыстаў выхаваў, выпеставаў Мікалай Аляксандравіч. І яму пажадаем усялякіх творчых поспехаў. Пажадаем прайсці па жыцці без цэйтноту, каб хапіла часу на ажыццяўленне ўсіх задум і ідэй.
Успомніў, вядома ж, не ўсіх (няхай прабачаць тыя, каго забыўся). Але важна, што для многіх з іх шахматы так і застануцца на ўсё жыццё добрым і ўдзячным сябрам.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №54 ад 18.07.2014 г.