“Рамонт – справа тонкая”
Тыдзень таму, калі мы пабывалі ў ААТ “Прыдзвінскі”, тут поўным ходам ішла падрыхтоўка тэхнікі да жніва. Камбайны рамантаваліся і змазваліся, даводзіліся да ладу механізмы.
Вось “чаруе” над сваім КЗС-12 Андрэй Леанідавіч Каваленка (на здымку). Ён адзін з вопытных механізатараў гаспадаркі, на камбайне працуе больш за дваццаць гадоў. На ўласным вопыце ведае, што “рамонт – справа тонкая”. Добра адрамантуеш – добра папрацуеш.
“Мяняем на камбайне элеватар, – кажа Андрэй Леанідавіч. – Знасіўся за чатыры сезоны. Слабае звяно майго КЗСа – гэта шнэкі, іх прыходзіцца мяняць ледзь не кожны год”.
Гутарым пра рамонт камбайнаў з дырэктарам гаспадаркі У. І. Дзятлавым. “Рамонт ідзе па графіку, – кажа Уладзімір Іванавіч. – Усяго падчас жніва ў нас будзе працаваць сем камбайнаў. У двух з іх трэба яшчэ памяняць нахіленыя транспарцёры. Тэхнік размеркавана сярод сваіх механізатараў. Мы вырашылі, што яны працуюць усё ж больш старанна, чым шэфы”.
Дарэчы, да канца гэтага тыдня ў “Прыдзвінскім” мяркуюць пачаць уборку азімага рапсу, якога пасеяна 200 гектараў. А там хутка падаспеюць і азімыя зерневыя (іх амаль тысяча гектараў).
Дарэчы, на днях распачнуць уборку азімага рапсу і ва ўсіх астатніх гаспадарках. Усяго падчас жніва на палетках раёна будзе працаваць 63 камбайны, расказаў карэспандэнту раённай газеты намеснік начальніка райсельгасхарчу В. В. Багатка.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №53 ад 15.07.2014 г.