Каравайніца з караваем
Каравайніца… Напэўна, гэта вёска здаўна славілася добрымі гаспадынямі і багатымі караваямі. Гасцінных людзей тут шмат і зараз. І калі яны дазналіся, што работнікі аўтаклуба рыхтуюць для вяскоўцаў свята, дружна ўзяліся дапамагаць. Прынеслі кветак, печыва, ягад са сваіх агародаў. Частавалі артыстаў і гасцей. А мясцовая жыхарка і самадзейная артыстка Е. І. Васільева ўпрыгожыла для правядзення свята свой падворак, спякла вялізны каравай.
Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В. Г. Навіцкая і старшыня Светласельскага сельвыканкама В. В. Шчарбакоў пажадалі вяскоўцам шчасця і дабрабыту.
Песні, музыка гучалі ў гэты дзень у Каравайніцы. Вёска гуляла. І дзеці, і пажылыя прыйшлі на свята. Вядучыя расказалі літаральна пра кожнага жыхара вёскі, пра яго захапленні.
Многія жыхары Каравайніцы ў час Вялікай Айчыннай вайны ваявалі на фронце ці ў партызанскіх атрадах. Вяскоўцы і госці свята хвілінай маўчання згадалі тых, хто загінуў за Радзіму. Віталі былога вязня фашысцкага лагера Зою Максімаўну Каранеўскую, а таксама доўгажыхароў вёскі, сталыя сямейныя пары і маладыя. Асобнае музычнае віншаванне самадзейныя артысты адрасавалі мнагадзетнай сям’і Халсціннікавых і тым вяскоўцам, чые падворкі можна ставіць у прыклад.
А пасля разам пілі гарбату, танчылі, забаўляліся.
Свята вёскі Каравайніца правялі работнікі аўтаклуба раённага цэнтра культуры ў рамках абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы аўтаклубаў па культурнаму забеспячэнню сельскага насельніцтва “Край, які нам дадзены лёсам”. “Свята прысвечана Году гасціннасці і 70-годдзю вызвалення Беларусі”, – кажа загадчыца аўтаклуба Лілія Барадзёнак.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №52 ад 11.07.2014 г.