Сёння – Купала, заўтра – Ян
“Сёння – Купала, заўтра – Ян” – ў гэтай прыказцы ўся сутнасць народнага свята, у якім перапляліся ў непарыўнае цэлае традыцыі язычніцтва і хрысціянства. Яны спалучыліся невыпадкова, бо аб’ядноўвае іх абрад ачышчэння: язычніцкі – вадой і агнём, і хрысціянскі – вадой. Падобныя народныя святы ёсць амаль ва ўсіх еўрапейскіх народаў, што сведчыць пра глыбокія карані святочных абрадаў, звязаных з летнім сонцастаяннем. Але святкаванне Купалля ў беларусаў лічыцца найбольш блізкім да найстаражытнейшых традыцый, якія захоўваюцца і перадаюцца на працягу не аднаго тысячагоддзя. На жаль, сёння амаль згубіўся глыбінны, магічны сэнс купальскіх абрадаў і традыцый, захаваўся ў большай ступені іх знешні бок.
У купальскую ноч – самую кароткую ў годзе – выконваліся абрады, якія былі прызваныя ўшанаваць сонца, што аддавала сваю сілу прыродзе і пачынала з гэтага дня схіляцца да зімы, засцерагчы ад умяшання ў чалавечае жыццё нячыстых сіл, вызначыць добрую будучыню для сябе. А зранку ішлі ў царкву адзначаць вялікае хрысціянскае свята – Нараджэнне Іаана Хрысціцеля – прадцечы Ісуса Хрыста. Ён увёў абрад хрышчэння, галоўны сэнс якога – ачышчэнне чалавека ад грахоў праз ваду, праз малітву да Бога, які стаў вызначальным для хрысціян.
У ноч з шостага на сёмае ліпеня па шматгадовай традыцыі на беразе Шумілінскага возера разгарнулася свята “Купальскі вянок”, у якім было ўсё: пошукі папараць-кветкі; закаханы і смелы Янка, які не спужаўся нячысцікаў у барацьбе за сваё каханне; прыгожыя дзяўчыны, што пускалі свае вянкі з надзеяй вызначыць свой лёс; цудоўныя беларускія песні. Ну, і якое ж Купалле без вогнішча і агульнага карагода вакол яго.
Работнікі раённага Цэнтра культуры падрыхтавалі для шматлікай публікі, якая сабралася ля возера, розныя выпрабаванні: тут і скокі праз агонь, і пляценне вянкоў, і шмат жартоўных іспытаў. Усё ў суправаджэнні цудоўных народных песень. Побач майстры з Дома рамёстваў вучылі жадаючых плесці вянкі.
Аматараў пачаставацца прывабіў пах шашлыку, які ішоў ад палатак райспажыўтаварыства. А шматлікая дзятва цягнула бацькоў да гандляроў паветранымі шарыкамі і сувенірамі.
Надыходзячая ноч толькі надавала дзеі таямнічасці і рамантыкі. Таму з наступленнем цемры, пасля заходу сонца, да возера больш актыўна пайшла моладзь – парамі ды гуртамі, бо пасля фальклорнай праграмы тут пачаўся канцэрт гурту “Шанс”, які плаўна перацёк у начную танцавальную праграму ўжо ў РЦК. Можна не сумнявацца, што тых, хто бавіў час у забавах і танцах да ранку, было не так і мала. Думаю, што нямала было і тых, хто з першымі праменямі ўзыходзячага сонца купаўся ў расе. Традыцыі непахісныя.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №51 ад 08.07.2014 г.