Каб сэрца было здаровым
Артэрыяльны ціск (АЦ) – гэта ціск, які ствараецца сэрцам, і пад уздзеяннем якога кроў рухаецца па крывяносных сасудах. АЦ вымяраецца ў міліметрах ртутнага слупка і рэгіструецца дзвюма лічбамі. Першая паказвае велічыню сісталічнага АЦ, а другая – дысталічнага АЦ, напрыклад 120/80 мм рт. сл.
Артэрыяльная гіпертэнзія – захворванне, пры якім артэрыяльны ціск перавышае нармальны ўзровень (не больш 130/80 мм рт. сл.).
Фактары рызыкі артэрыяльнай гіпертэнзіі: спадчыннасць; частыя стрэсы; нізкі ўзровень фізічнай актыўнасці; лішняя вага (атлусценне); злоўжыванне кухоннай соллю; курэнне; празмернае ўжыванне алкаголю.
Калі не лячыць гіпертэнзію, можна атрымаць ускладненні на сэрцы, галаўным мозгу, нырках, сятчатцы вока. Артэрыяльная гіпертэнзія з’яўляецца галоўнай прычынай мазгавога інсульту і адносіцца да асноўных фактараў рызыкі развіцця атэрасклерозу сасудаў сэрца. Агульная мэта лячэння гіпертэнзіі – зніжэнне і падтрыманне артэрыяльнага ціску ніжэй 140/90 мм рт. сл. незалежна ад узросту.
Пры цукровым дыябеце гэты ўзровень павінен быць ніжэй 130/80 мм. рт. сл. Медыкаментознае лячэнне і дозы лякарстваў назначае толькі ўрач.
Важна выконваць наступныя рэкамендацыі: весці здаровы лад жыцця, нармалізаваць рэжым працы і адпачынку, штотыднёва вымяраць і запісваць АЦ.
Вядзенне самакантролю ціску ў звычайнай абстаноўцы вельмі важна, гэта дапамагае ўрачу больш эфектыўна праводзіць тэрапеўтычнае лячэнне.
С. ЛІНКЕВІЧ, урач-кардыёлаг.
Надрукавана ў №51 ад 08.07.2014 г.