Война вносила свои коррективы в судьбы людей

Общество

Лёс без паблажак
Ліст родным з фронту, напісаны старшым лейтэнантам В. М. Юзікавым на бяросце,  застаўся нашчадкам  памяццю пра тое, як прасілася слова з фронту да родных. Публікацыю пра гэта змясціла  раённая газета ў нумары за 8 красавіка 2014 года. Яна мела свой працяг. Н. К. Андрэева, якая завітала з пісьмом у рэдакцыю, хутчэй за ўсё не адважылася б напісаць, адкрыць, калі хочаце, свой паварот тэмы, калі б не гэты артыкул пад назвай “Ліст з фронту. На бяросце”.
Н. К. Андрэева жыве з матуляй Надзеяй Васільеўнай, а яна – нявестка той Белюсевай Ефрасінні Сазонаўны, якая дала прытулак В. М. Юзікаву, што зайшоў да іх у хату па дарозе ў шпіталь. Гасцінная трапілася бабуля, згадвае франтавік, частавала яго і байцоў бульбачкай, прапаліла лазню. У памяці Васіля Мікалаевіча – адзін “мірны” эпізод з яго франтавога лёсу, чытаем: “…Сяджу за сталом, гарыць капцілка, бабуля паслала свежай саломы, хлопцы спяць”. Гэтая кароткая, нібы тэлеграфным тэкстам, фраза стала па сутнасці класічнай: у ёй і дыханне ўчарашніх баёў, і вячэрняя перадышка, і сон байцоў, змораных баямі, і бабуля – тая “гістарычная” бабуля з вёскі Заобаль, з якой пасля і спісваўся ўдзячны Васіль Мікалаевіч.
Наталля Андрэева заглянула ў рэдакцыю і з той нагоды, каб нагадаць яшчэ раз, напярэдадні слаўнага юбілею – 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, як цанілі тутэйшыя людзі подзвіг сваіх вызваліцеляў. Але не толькі таму, Наталлі Канстанцінаўне хацелася нагадаць праз лёс сваёй матулі – наколькі цяжкім, не па-чалавечы бязлітасным быў лёс дзяцей ваеннага часу. Сёння Н. В. Белюсевай  82 гады. Яна помніць, як забіралі ў 1937-ым бацьку ў “чорны варанок”. Ён працаваў брыгадзірам у калгасе. Забіралі ноччу. За што, яна тады не ведала, хутчэй за ўсё, не сказалі пра гэта і жонцы. Словам, забралі. І толькі пасля рэабілітацыі сям’я даведалася: забралі за шпіянаж  на карысць нейкай дзяржавы.
“Мамачка бачыла вайну дзіцячымі вачыма, – піша Н. К. Андрэева. – А гэта таксама страшна,  пад акупацыяй перажылі людзі столькі гора, што хопіць яго не на адно пакаленне…”. Маці Н. В. Белюсевай  Кацярыне Сцяпанаўне хапіла ліха па самую макаўку. На самым пачатку вайны паліцаі расстралялі яе брата Іосіфа, які выскачыў з палаючага хлява, сястра Фруза  загінула ў партызанскім атрадзе, у палоне памёр брат Васіль, яшчэ адзін брат Піман таксама загінуў ў партызанах, але ўжо тады, калі аб’явілі аб Перамозе. У час адступлення, ля вёскі Спаскае ў 1944 годзе, захварэўшы на тыф, памерла і сама Кацярына Сцяпанаўна.
Н. В. Белюсева з мужам Канстанцінам Міронавічам (у вайну тым Косцікам, якому было 14 гадкоў і які з радасцю сустракаў у хаце камандзіра В. М. Юзікава) выхавалі пяцёра дзяцей. Старэйшыя, Васіль і Вера, добра помняць сустрэчы з франтавіком, у Веры нават захаваліся здымкі на памяць. Помніць сустрэчы і сама Наталля, але тады Васіль Мікалаевіч быў ужо ў тых гадах, калі паездкі з Масквы  ў Шуміліна давялося спыніць. А вось што бацька яе, К. М. Белюсеў, быў у гасцях у франтавіка ў Маскве.
Застаецца памяць. Памяць пра франтавіка, які праз удзячнасць, праз славутае пісьмо на бяросце ўвекавечыў сябе ў пісьмах і дакументах. Памяць пра тых, хто перажыў за вайну і бяскорміцу, і нягоды, і недзіцячыя жахі.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №50 за 02.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *