В Шумилинском историко-краеведческом музее открылась выставка, посвящённая Д. В. Мясоедову

Край шумілінскі

«…Салдат вайны не выбірае»

З нагоды 70-годдзя вызвалення нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 23 чэрвеня ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава «… Салдат вайны не выбірае», прысвечаная ўдзельніку Вялікай Айчыннай вайны, нашаму земляку, ураджэнцу вёскі Пісарава Дзмітрыю Васільевічу Мясаедаву.

У трыццаць пяць год ён выступіў на абарону сваёй Бацькаўшчыны. Пакінуўшы пасаду старшыні калгаса «Ленінскі шлях» Мішкавіцкага сельсавета, ён пайшоў на фронт, прайшоў шлях ад курсанта ваеннага вучылішча да капітана. Удзельнік абароны Масквы і Сталінграда, некалькі разоў ранены, Д. В. Мясаедаў зноў  і зноў станавіўся ў строй.  У ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі яму давялося вызваляць і родную Віцебскую вобласць.

26 чэрвеня 1944 года разведрота 881-га стралковага палка 158-й стралковай дывізіі 39-й арміі пад камандаваннем капітана Мясаедава першай уварвалася ў Віцебск. Завязаліся цяжкія вулічныя баі. Рота аўтаматчыкаў кінулася да будынка ветэрынарнага інстытута, адкуль стралялі гітлераўцы. У кароткай схватцы з фашыстамі было пакончана. Радасна-ўсхваляваны капітан Д. В. Мясаедаў за лічаныя хвіліны апынуўся на даху высотнага будынку Дома спецыялістаў і ўзняў там чырвоны сцяг (у 1959 годзе на доме №14/9 па вуліцы 1-й Даватара ўстаноўлена мемарыяльная дошка).

У гэты ж дзень рота капітана Мясаедава ва ўзаемадзеянні з узводам старшага сяржанта Фёдара Блахіна ўдзельнічала ў аперацыі па выратаванні ў Віцебску моста праз Заходнюю Дзвіну, па якім павінны былі рухацца савецкія танкі, механізаваная пяхота. Фашысты заклалі пад мост вялікую колькасць узрыўчаткі і, пераправіўшы сваю тэхніку з раёна Лучосы, планавалі ўзарваць яго. Савецкія воіны ўварваліся на бераг ракі, завязаўся бой, які перайшоў у рукапашную схватку. Старшы сяржант Ф. Ц. Блахін ударам нажа забіў гітлераўца, які перагарадзіў яму шлях, і кінуўся да вады. Там былі працягнуты правады, якія вялі да фугасаў. Ён перарэзаў іх і выняў электрадэтанатар. Пры размініраванні сапёры дасталі амаль 2 тоны ўзрыўчаткі.

Радзіма высока ацаніла подзвіг сапёраў і разведчыкаў. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года Ф. Ц. Блахіну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Да ўрадавай узнагароды быў прадстаўлены і капітан Мясаедаў. У гонар адважных воінаў на мосце ўстаноўлена мемарыяльная дошка з надпісам: «Гэты мост 26 чэрвеня 1944 года ў жорсткай схватцы з фашысцкмі акупантамі быў выратаваны ад выбуху групай байцоў Героя Савецкага Саюза Ф. Ц. Блахіна». Сам мост, пабудаваны ў 30-я гады, прабыў да канца 80-х, а затым быў разабраны. Новы мост, пабудаваны на яго месцы, стаіць і цяпер, ён носіць імя Ф. Ц. Блахіна. Не згасла, узнікшая ў суровыя гады вайны, дружба паміж героямі. Яны не раз сустракаліся пасля вайны, перапісваліся.

Жыхары помняць Д. В. Мясаедава не толькі як доблеснага воіна, але і як чалавека, які ўнёс важкі ўклад у станаўленне і развіццё Шумілінскага раёна.   У 1929-1935 гадах ён быў старшынёй Дабейскага, Пагарэліцкага, Казьянскага, Мішкавіцкага сельсаветаў. У другой палове 30-х гадоў адным з лепшых быў на Шуміліншчыне калгас «Ленінскі прызыў», які ўзначальваў Дзмітрый Васільевіч. Уласнымі сіламі і за ўласны кошт ў калгасе была пабудавана электрастанцыя на рацэ Сечна ў вёсцы Макаўе. Пуск электрастанцыі ў 1937 годзе стаў падзеяй не толькі для раёна, а і для ўсёй савецкай Беларусі.

Пасля вайны Д. В. Мясаедаў быў на савецкай і партыйнай рабоце: у 1946-1951 годзе працаваў сакратаром Сіроцінскага райкама КПБ, з 1951 па 1953 годы ўзначальваў Сіроцінскі райвыканкам. Апошнія гады жыцця ён цяжка хварэў, але працягваў працаваць – кіраваў партыйнай арганізацыяй калгаса імя У. І. Леніна.

21 красавіка 1964 года Д. В. Мясаедава не стала. Ён пахаваны на воінскіх могілках у гарадскім парку райцэнтра. Яго імем названы вуліцы ў Шуміліне і Віцебску.

Марыя ПРЫХОДЗЬКА, навуковы супрацоўнік Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *