В субботу председатель райисполкома В. П. Куренной провёл приём граждан и «прямую линию»

Актуалии Общество Президент

“МЫ ДА ВАС, ЯК ДА АПОШНЯЙ ІНСТАНЦЫІ”
“Я разумею, што да Вас трэба звяртацца з больш глабальнымі праблемамі, але Вы для мяне апошняя інстанцыя”, – менавіта так пачыналі сваю размову многія з тых, хто тэлефанаваў на “прамую лінію” ў мінулую суботу, і старшыня райвыканкама Уладзімір Пятровіч Куранны ўважліва слухаў кожнага.
Дарэчы, амаль усе пытанні, з якімі звярталіся жыхары раёна, тычыліся жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Званок з вуліцы 1-я Энгельса: “Дапамажыце знесці дрэва. Карані ўзнімаюць фундамент дома, а калі вецер, дык зусім страшна робіцца. Звярталася ў жылкамгас, там кажуць, што гэта маё дрэва і зносіць яго павінна я сама. Але не я яго саджала, расце яно за плотам, на вуліцы”. У. П. Куранны адрасаваў пытанне адпаведным службам, каб разабраліся ў сітуацыі і, калі мэтазгодна, знеслі дрэва.
Жыхарка дома №57 па вуліцы Юбілейнай просіць абкасіць траву вакол дома, адрамантаваць лавачку, аднавіць струхнелы масток праз трубы ацяплення. Але адразу атрымлівае сустрэчнае пытанне:
– Няўжо  жыхары дома не могуць сабрацца разам і навесці парадак каля свайго дома? Чаму такая ўтрыманская пазіцыя, што для вас нехта павінен усё рабіць?
– У доме пражываюць у асноўным пажылыя, самі наўрад ці зробяць штосьці, – гучыць у адказ.
– Дык ёсць дзеці, унукі. Яны што, не дапамагаюць?..
Тым не менш даецца заданне УП ЖКГ адрамантаваць масток і лавачку, калі патрэбна, абкасіць тэрыторыю.
З аграгарадка Слабада патэлефанавалі да старшыні райвыканкама ў другі раз. У красавіку, пасля званка на “прамую лінію”, абяцалі адрамантаваць адмостку і казырок над уваходам у пад’езд, але нічога не зрабілі. На гэты раз рэзалюцыя кіраўніка раёна больш жорсткая – выканаць на працягу тыдня.
Яшчэ адно камунальнае пытанне было з вуліцы Сіпко  – цячэ дах у доме №64. Справа ў тым, што дом належыць райаграсэрвісу, а фінансавае становішча прадпрыемства такое, што наўрад ці дазволіць хутка правесці рамонт. Таму Уладзімір Пятровіч адрасуе пытанне  УП ЖКГ: “Абследуйце дах і дапамажыце адрамантаваць”.
А вось жыхарка з вуліцы 70 год БССР паставіла важнае не толькі для сябе асабіста пытанне – забеспячэнне хворых на цукровы дыя-бет спецыяльным харчаваннем. “У некаторыя шумілінскія магазіны прывозяць прадукты для дыябетыкаў, але вельмі мала, усё разбіраюць за лічаныя гадзіны, – расказала яна. – Прыходзіцца прасіць знаёмых, каб прывозілі з Віцебска, бо там такія прадукты ёсць пастаянна”. Рашыць актуальнае для многіх шумілінцаў пытанне даручана райспажыўтаварыству і прадпрыемствам прыватнага гандлю.
У гэты ж дзень старшыня райвыканкама праводзіў прыём грамадзян, на які прыйшлі два чалавекі. Жыхарка Шуміліна прасіла ўладкаваць вадазліў, бо вада з даху цячэ на яе балкон. Камунальнай службе дадзена заданне разабрацца і па магчымасці аказаць дапамогу. Другой была маладая жанчына, якая прасіла дапамогі ў рашэнні жыллёвага пытання ў райцэнтры. Пытанне няпростае, бо жанчына мае льготу, але стаіць на ўліку на жыллё ў Обалі. Адпаведныя службы райвыканкама атрымалі даручэнне разабрацца ў сітуацыі і вырашыць яе ў адпаведнасці з заканадаўствам, а заяўніцы накіраваць пісьмовы адказ.
Вось такія пытанні, з якіх далёка не ўсе можна аднесці да ўзроўню старшыні райвыканкама. Многія праблемы павінны былі аператыўна рашыць адпаведныя службы.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў  №48 ад 24.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *