Рейд по неблагополучным семьям в Шумилино

Образование Общество

Пра цыгарэтны смурод і п’яную мамку
У рамках акцыі “Сям’я без насілля” на мінулым тыдні члены раённай міжведамаснай групы правялі рэйд па сацыяльна небяспечных сем’ях. Разам са старшым інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС А. М. Селязнёвай, сацыяльным педагогам Шумілінскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Г. М. Бараноўскай і настаўніцай СШ № 2 Н. В. Чаплевай мы наведалі адзінаццаць сем’яў у райцэнтры і ў Светласельскім.
Многія з дзяцей летам наведваюць школьныя аздараўленчыя лагеры, некаторыя пайшлі працаваць. Як правіла, з тымі, хто заняты карыснай справай, і праблем няма. Сацыяльных педагогаў, міліцыянераў і настаўнікаў хвалююць якраз тыя, хто нічым не займаецца. Вось такіх і цягне на розныя прыгоды. Так, кампанія падлеткаў залезла ў чужы дом. Не, не дзеля крадзяжу, а каб “правесці свой вольны час”.
Яшчэ адну дзяўчыну ўзялі на школьны кантроль з-за таго, што яна часта прапускала школьныя заняткі. Мала таго, уцякала з дому і дзесьці бадзялася некалькі дзён.
На гэты раз дзяўчына была дома. Адчыняем дзверы ў кватэру, нос адразу “зрывае” смуродны дым: ён  сінявата-шэрай дымкай ахутвае ўсе тры пакоі – дыхаць няма чым.  У такім смуродзе сядзяць і кураць падлеткі.
Аглядаем умовы жыцця дзяцей. Калі сказаць, што  непарадак ва ўсіх пакоях, гэта будзе мякка і недакладна. Тут нейкі вэрхал: усюды тоўсты слой пылу,  адзенне звалена нейкімі кучамі, вокны брудныя, на кухні гара нямытага посуду, падлога даўно не бачыла мокрай анучы. Бачна, што гэты непарадак накапіўся не за дзень-два. Члены міжведамаснай групы даюць тэрмін на ўборку, і праз некалькі дзён абяцаюць зноў наведаць гэтую сям’ю.
А вось для наступнай сям’і – ніякіх папярэджанняў. Заходзім у кватэру,  а там – поўным ходам балююць. Бацькі месячнага дзіцяці і ягоная бабуля п’юць гарэлку. І ніхто не думае, што кормячай маці гэтага рабіць нельга. Як высветлілася, маці праходзіла ўжо лячэнне ў лячэбна-працоўным прафілакторыі. Пасля вяртання быццам бы і будавала планы на новае жыццё, не піла. Нават марыла ўзнавіць свае бацькоўскія правы ў адносінах да старэйшай дачкі, якая знаходзіцца ў апякунскай сям’і. Але жыццё пайшло па нахільнай, на стале зноў з’явілася бутэлька. І калі ў раённай бальніцы жанчыну праверылі на алкатэстар, фельчары даліся дзіву: як можна было з 2,17 праміле алкаголю ў крыві даглядаць немаўля? Яго змясцілі ў дзіцячае аддзяленне райбальніцы. Пакуль што разам з маці, пад наглядам медыкаў. “Жанчыну выклікаем на камісію па справах непаўналетніх, – тлумачыць Г. М. Бараноўская. – Будзем настойваць прайсці кадзіроўку ад алкагольнай залежнасці. У адваротным выпадку немаўля будзе змешчаны ў Дом дзіцяці”.
Непрыемна здзівіла і яшчэ адна сям’я. Жанчына некалькі месяцаў не працуе, грошы “на хлеб” для сваёй унучкі дае бабуля. Але гэтага не хапае, бо маці яшчэ і выпіць любіць. У кватэры адключана электраэнергія, не хапае прадуктаў харчавання. Жанчыну выклікалі на камісію па справах непаўналетніх, будзе вырашацца пытанне аб змяшчэнні дзіцяці ў прытулак, бо дома няма спрыяльных умоў для жыцця і выхавання.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў  №48 ад 24.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *