Наши земляки. В. С. Чаплинский

Край шумілінскі Людзі і лёсы

Здание Мишковичской школы

Вытокі таленту – з Мішкавіч
Са жніўня 2013 года, калі  ў раённай газеце пабачыла свет публікацыя пра славутага земляка Уладзіміра Сцяпанавіча Чаплінскага, як кажуць, шмат вады сплыло. Праз нейкі час у рэдакцыю ліст даслаў М. Н. Прыгожы, былы вучань бацькі нашага героя Сцяпана Іванавіча. С. І.  Чаплінскі  доўгі час займаў пасаду дырэктара Мішкавіцкай школы. Міхась Несцеравіч знайшоў самыя шчырыя і кранальныя словы пра сваіх былых настаўнікаў. І вось яшчэ адзін ліст,  дасланы па электроннай пошце ў рэдакцыю.
Пра яго і павядзём гаворку. Ліст – ад У. С. Чаплінскага, які жыве ў Падмаскоўі. У ім пераважна апавядаецца пра род Чаплінскіх, пра тое, што хвалюе і чым жыве  сам аўтар радкоў. Каб не паўтараць тыя факты, аб якіх ведае чытач, падаём ліст у скарачэнні. Перш за ўсё Уладзімір Сцяпанавіч просіць праз газету павіншаваць землякоў-шумілінцаў са слаўным юбілеем – 70-ай гадавінай з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. “Кожны  трэці жыхар віцебскага краю загінуў на вайне, – піша ў лісце У. С. Чаплінскі. – Вечная ім памяць і вечная ўдзячнасць…”.
У дзеда У. С. Чаплінскага  – Івана Рыгоравіча – было трое сыноў: Аляксандр, Сцяпан і Павел. Павел Іванавіч – кадравы афіцэр – загінуў, не парадаваўшы родных з фронту ніводным словам, ніводнай вестачкай. Аляксандр ваяваў у дзеючай арміі, на яго прыйшла пахавальная, а ён выжыў і пасля вайны да канца свайго жыцця працаваў у калгасе “Шлях Леніна”. Сцяпан Іванавіч, бацька аўтара ліста, ваяваў у партызанскім атрадзе “За Советскую Белоруссию”, а пасля вайны вучыў дзяцей у Мішкавіцкай школе.
Сам Уладзімір нарадзіўся да вайны і заспеў яе малым дзіцём. Між тым і яму хапіла  нягод і нішчымніцы. Пасля вайны ён заканчвае ваеннае вучылішча і на ўсё жыццё пакідае мішкавіцкі край. На ра-дзіму ён  наязджае зрэдку.
“Мы з братам , які працуе ў абароннай прамысловасці, жывём у Расіі, – піша У. С. Чаплінскі, – сястра – ва Украіне, а на родныя могілкі прыязджаем у Беларусь, дзе нашы карані, дзе жывуць нашы сваякі, дзе любімыя нашаму сэрцу лясы, рэкі і азёры, падзол, пяскі і балоты. Але гэта наша, роднае да слёз…”.
У гэтых словах – прызнанне ў любові да той зямлі, якая нарадзіла, якая паставіла на ногі і адправіла ў дарогу чалавека – таго, хто неўзабаве стаў слынным сынам Расіі. Але мы помнім, што вытокі гэтага гераізму і таленту – з шумілінскай зямлі.
Мікалай ЯНЧЫН.
Надрукавана ў №48 ад 24.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *