Три года за поджёг дома в Шумилинском районе получил житель Витебска

Происшествия

Самасуд
Не ўсё ў жыцці можна растлумачыць логікай. Уявіце сабе сітуацыю. Сустрэліся аднойчы маладыя хлопцы, вырашылі выпіць ці, як яны гэта між сабой называюць, – адпачыць. Напэўна, для таго, каб гэты занятак набыў больш рамантычнае аблічча, яны едуць за дзясяткі кіламетраў ад Віцебска на таксі ў богам забытую вёску: там некалі жыла бабуля аднаго з хлопцаў. Але бабуля даўно памерла, а хата бабуліна згарэла. Гэта значыць, што гулякам элементарна няма дзе прысесці, не тое што “адпачываць”. Таму яны накіроўваюцца да аднаго з вяскоўцаў, дзе і  п’юць да глыбокай ночы.
Потым хлопец, што прывёз у вёску сваіх сяброў (назавем яго Іван), успамінае, што бабуліна ж хата не сама па сабе згарэла, што падпаліў яе мясцовы жыхар.У п’яным запале, ён вырашае высветліць, навошта той гэта зрабіў? І зусім няважна, што хата гарэла гадоў пяць назад і асаблівай каштоўнасці не ўяўляла. Абазначыўшы для сябе гнеў, як самы што ні на ёсць праведны і высакародны, Іван разам з сябрамі рушыў да падпальшчыка.
Не мае сэнсу апісваць, што адбывалася далей, тым больш, што і абвінавачваемы і сведкі – двое сяброў падсуднага, і сам пацярпелы на судзе даволі цяжка аднаўлялі карціну, спасылаючыся на тое, што не памятаюць дэталяў, бо здарылася ўсё гэта яшчэ зімой. Бясспрэчна адно – мужчына быў пабіты, а хата з яго сціплымі пажыткамі – спалена.
Асобна мае сэнс сказаць і пра пацярпелага. Старшыні суда А. А. Сініцкай, якая вяла справу, не раз даводзілася сустракацца з гэтым чалавекам у судзе. Праўда, ніколі да гэтага яму не прыходзілася сядзець на лаўцы пацярпелых. На рахунку мужчыны  ажно дзесяць судзімасцяў, не ўсе з іх пагашаны. На гэты факт звяртаў асаблівую ўвагу адвакат пры абароне падапечнага Івана. А таксама на тое, што ў яго, у Івана, ёсць жонка і маленькі сынок, якія патрабуюць увагі і клопату. Яшчэ адным і самым галоўным козырам стала тое, што пацярпеламу быў выплачаны ўрон, і ніякіх прэтэнзій пасля гэтага да Івана ён не меў. Наадварот, прасіў не судзіць хлопца строга, не пазбаўляць волі. Вось так прасякнуўся павагай, пасля таго, як кішэню сталі грэць пяць мільёнаў.
Але калі дзяржаўны абвінаваўца памочнік пракурора раёна А. П. Гасанаў стаў патрабаваць для падсуднага пяць гадоў абмежавання волі, яму стала сапраўды страшна. І наогул, калі хто не ведае:  пабываць у зале суда – працэдура не з прыемных. Асабліва, калі твае рукі ў наручніках. Здаецца, што ў хлопца, і ў яго сяброў раз і назаўсёды павінна адпасці жаданне шукаць прыгод непрыемнасці на сваю галаву. Яшчэ хочацца верыць, што ён уладкуецца на працу і сапраўды стане надзейнай апорай для сваёй маладой сям’і, стане клапаціцца пра жонку, удзяляць увагу маленькаму сыну, карацей, набудзе ўсе тыя прывабныя рысы, якімі авансам надзяліў яго асобу адвакат.
Хлопец быў прызнаны судом вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 218 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь. Вінаватым у наўмысным знішчэнні і пашкоджанні маёмасці, якое было ўчынена агульнанебяспечным спосабам. Яму было назначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на тры гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
З залы суда Іван выйшаў без наручнікаў – шчаслівы, разам з жонкай і сябрамі. Але самы важны вынік будзе дасягнуты толькі ў выпадку, калі гэты прыгавор акажацца першым і апошнім у яго жыцці.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №48 ад 24.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *