“Праход да кантэйнераў просім асвятліць”
На “гарачы тэлефон” звярнуліся жыхары дамоў № 61, № 59, што па вуліцы Юбілейнай:
“Жыць у чысціні і парадку хочуць усе. Але, каб стымуляваць такое жаданне, трэба паклапаціцца пра ўмовы, у якіх падтрымліваць парадак лягчэй. Лічым, што, добрае рашэнне было прынята тры гады таму – прыбраць кантэйнеры для збору смецця за склад грамадзянскай абароны (канец вуліцы Лескавіцкай-пачатак вуліцы Падгорнай). І ад шматпавярховак, і ад асабістых дамоў гэтая пляцоўка аддаленая. Данесці туды смецце нам не цяжка. Калі асобныя жыльцы не хочуць бачыць кантэйнеры побач са сваім домам, дык можна прайсці і да ўжо абсталяванай, схаванай ад вачэй пляцоўкі. Але хочацца папрасіць камунгас ці элетрасеткі асвятліць і падыходы, і саму пляцоўку, бо многія выносяць смецце ўвечары ці ранкам, калі яшчэ на вуліцы цёмна. Дарэчы, раней тут усё асвятлялася.”
Мы адрасавалі запыт галоўнаму энергетыку УП ЖКГ І. С. Масько. Ігар Сяргеевіч патлумачыў, што лямпы для вулічнага асвятлення заказаны. “Як толькі лямпы закупім, адразу наладзім асвятленне на гэтым участку”, – запэўніў галоўны энергетык камунальнай службы раёна.
“І зноў дарогу перааралі?”
Патэлефанавала на рэдакцыйны “гарачы тэлефон” пенсіянерка з вёскі Курылаўшчына Ніна Іванаўна Толсташава: “У каторы раз жыхары нашай вёскі звяртаюцца з просьбай не пераворваць дарогу, па якой мы ідзем ці едзем на кані да вёскі Сосніна, або ідзем на могілкі ў вёску Маркава. Але паразуменне пакуль знайшлі толькі з аднаго боку: механізатары з “Прыдзвінскага” пакідаюць нам дарогу не ўзаранай, а вось далей тэрыторыя іншай гаспадаркі. Можа раённая газета дапаможа вырашыць гэтае нялёгкае пытанне, бо хадзіць пешшу ў абыход нам, пажылым, вельмі цяжка.”
З азначанай праблемай звярнуліся да намесніка кіраўніка СВК “Прыазёрны” па ідэалагічнай рабоце Н. М. Юхнавец. Ніна Міхайлаўна паведаміла, што пытанне будзе разгледжана сумесна з сельвыканкамам.
Падрыхтавала
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №93 ад 30 лістапада 2010 г.