27 лет фельдшер Байкова работает в Кривом Селе

Здоровье Людзі і лёсы

“Я ж нічога не ўмею, толькі лячыць людзей”
Калі ты ўзяўся лячыць людзей і носіш высакароднае званне медыка, значыць, ты не толькі спачуваеш чужому болю, але гатовы прысвяціць сваё жыццё барацьбе за здароўе і жыццё людзей. Гэта не высокамоўныя словы, і за прыкладамі хадзіць далёка нам не трэба.
Рыма Аляксандраўна Байкова, фельчар Крывасельскага ФАПа, у прафесіі 36 год, 27 з іх – у Крывым Сяле. І ў жыхароў Каўлякоўскага сельсавета медыцына падсвядома атаясамліваецца з іх фельчарам. Гэта сёння яе не турбуюць ноччу (хуткая дапамога з райцэнтра працуе безадмоўна), а быў час, калі і ноччу ехала на кані, на веласіпедзе, ішла да хворага пешшу, аказвала першую дапамогу, ратавала, лячыла. Але працаваць тады было лягчэй, кажа Рыма Аляксандраўна, хоць людзей на яе ўчастку было столькі, колькі зараз ва ўсім сельсавеце. Зараз насельніцтва пастарэла, а пажылому чалавеку трэба не толькі дапамога медыка, але найперш увага, магчымасць выгаварыцца. Таму зрабіць хутка абход сваіх падапечных у яе ніяк не атрымліваецца. Але ўсё адно ні ў якой іншай сферы яна сябе не ўяўляе. “А дзе б яшчэ я магла працаваць? – сама сабе задае яна пытанне, – я ж нічога не ўмею, толькі лячыць людзей”.
Рыма Аляксандраўна ганарыцца беларускай медыцынай, з задавальненнем расказвае, што яе расійскія родзічы прыязджаюць у Віцебск за медыцынскімі працэдурамі. А між тым аўтарытэт беларускай медыцыны фарміруюць менавіта такія, як яна – Рыма Аляксандраўна Байкова.
Надрукавана ў № 45 ад 13.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *