З-пад крыла роднай школы – насустрач марам і спадзяванням
На апошні званок у Шумілінскую СШ №2, шчыра сказаць, ішла з хваляваннем. Па-першае, гэта мая родная школа, па-другое, сёлета тут заканчвае 11 класаў пляменнік Ягор, па-трэцяе, свята апошняга званка заўсёды вельмі эмацыянальнае, хвалюючае і прачулае. І без слёз чамусцьці ніколі не абыходзіцца.
Ля параднага ўваходу школы ўрачыста, шмат бацькоў, вучняў, настаўнікаў, гучыць музыка. Вось гаманкія першакласнікі з кветкамі і падарункамі для “дарослых сяброў” завіхаюцца ля сваёй настаў-ніцы. Дзякуючы актыўнаму жыллёваму кааператыўнаму будаўніцтву пасёлак пабагацеў на дзетвару. Даўно не было такога, каб першы клас заканчавала больш за 20 чалавек, як сёлета. Тэндэнцыя, безумоўна, радуе.
Выпускнікоў другі год запар у Шумілінскай СШ №2 8: Сёлета, праўда, дзве дзяўчыны і шэсць хлопцаў. Пашанцавала дзяўчатам! “Віноўнікі” ўрачыстасці як ніколі прыгожыя, падцягнутыя, літаральна за адну ноч сталі сур’ёзнымі і дарослымі.
Са словам-наказам выпускнікам і ўсім вучням выступіў дырэктар школы І. І. Аляксееў. Ігар Іванавіч гаварыў хутчэй як бацька, які шкадуе, што больш не зможа клапа-ціцца пра адзінаццацікласнікаў, што даводзіцца развітвацца з тымі, хто сталі дарагімі і блізкімі.
Па-мацярынску падзякавала за ўсё, што давялося пражыць і перажыць разам за гэтыя сем год, класны кіраўнік А. І. Масько. Пажадала быць смелымі ў сваіх памкненнях, шчырымі і спагадлівымі, мэтанакіраванымі, а галоўнае – сапраўднымі людзьмі – старшыня Дабейскага сельвыканкама І. І. Шалахава. Выступіў і кіраўнік ПМК-70 (шэфы школы) А. Ю. Крыўко, які павіншаваў ўсіх вучняў з пачаткам лета і доўгачаканых канікулаў.
Аляксей Юр’евіч уручыў граматы і грашовыя прэміі лепшым вучням школы, запрасіў на летніх канікулах да сябе ў брыгады падзарабіць. Ад імя бацькоў слова трымала І. В. Іваненка. Ну а потым былі словы выпускнікоў: падзякі настаўнікам і бацькам, абяцанні помніць школу, якая дала пуцёўку ў жыццё.
Апошні званок у Шумілінскай СШ №2 сёлета быў аказаны гонар даць выпускніку, спартсмену, удзельніку абласнога чэмпіянату па паўэрліфцінгу Арцёму Рысоўцаву і першакласніцы Дзіяне Карцавай. Услед за імі з-пад крыла роднай школы пад пералівісты званок пайшлі выпускнікі – у дарослае самастойнае жыццё, насустрач марам і спадзяванням. Удачы вам! І ў добры шлях!
* * *
Апошні школьны вальс. Такі непаўторны і запамінальны. І заўсёды ўрачысты. Шэсць выпускнікоў Слабадской школы – тры дзяўчыны і трое хлопцы – падарылі яго ўсім тым, хто прысутнічаў на свяце апошняга званка. І на іх, такіх прыгожых і дарослых, з гордасцю глядзелі бацькі, настаўнікі, іншыя вучні. Затаіўшы дыханне, сачылі за кожным рухам выпускнікоў першакласніцы. Іх усяго дзве ў Слабадской школе. Яны зайздросцілі сваім старэйшым сябрам, напэўна ж, ім таксама хацелася стаць такімі ж. Гэта ў іх яшчэ будзе, а наперадзе ў дзяўчынак яшчэ дзесяць гадоў вучобы.
Свае віншаванні выпускнікам адрасавалі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама П. У. Спірыдонаў, старшыня Сіроцінскага сельвыканкама С. У. Каржуеў, дырэктар КУСГП «Сіроцінскі» М. У. Прыгодзіч.
Набірацца сіл за лета, каб быць моцнымі і вынослівымі, пажадала першакласніцам начальнік разліковага касавага цэнтра № 4 г. п. Шуміліна філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” Н. С. Крыўко. Наталля Сяргееўна ўручыла першакласніцам футбольныя мячы (на здымку) – такі сумесны падарунак падрыхтавалі “Беларуская федэрацыя футболу”, ААТ “Белаграпрамбанк” і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. А ўвогуле, сёлета на святах апошняга званка 63 першакласнікі сельскіх школ атрымалі футбольныя мячы.
Пасля віншаванняў, добрых і шчырых пажаданняў настаўнікаў, бацькоў і сяброў, пасля ўручэння грамат і падзяк нарэшце гучыць школьны званок, апошні для выпускнікоў. Гэта званок развітання з дзяцінствам.
Алена КАРПУШЭНКА.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №42 ад 03.06.2014 г.