Когда родителям дети безразличны

Актуалии Общество

Праблема з’явілася не ўчора
14 мая прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, на якім было разгледжана 13 адміністрацыйных спраў. Правёў яго намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў.
Ніхто не адкрые Амерыку, калі скажа, што менавіта бацькі ў адказе за ўчынкі сваіх дзяцей. І значыць гэта не толькі тое, што да самага дня паўналецця яны будуць аплачваць штрафы за іх правіны, а яшчэ і тое, што праблемнасць дзяцей ставіць пад сумненне іх бацькоўскую кампетэнтнасць. Можна колькі хочаш гаварыць пра тое, што дзеці самі такімі выраслі, пра дрэнныя кампаніі і нейкі там асаблівы характар, але ва ўсім і заўжды вінаватыя толькі бацькі. І калі справа ўжо дайшла да выкліку на камісію, то праблема з’явілася не ўчора, і не два месяцы таму, калі, скажам, дзесяцікласнік украў тэлефон у настаўніцы, а чатырнаццацігадовая дзяўчынка не вярнулася дамоў начаваць.
Даволі часта складваецца так, што бацькі проста не даюць дзецям шанцу вырасці нармальнымі людзьмі. Людзьмі, якія не прыносяць непрыемнасцяў грамадству, якія шчаслівыя самі для сябе. Калі дома не камфортна,  калі там пастаянныя кампаніі, гулянкі, калі хлопцу элементарна няма на чым спаць, то натуральна, што ў яго не будзе жадання туды вяртацца, у яго можа знікнуць інтарэс вучыцца і наогул што-небудзь рабіць дзеля свайго будучага. У такіх абставінах многія выбіраюць самы распаўсюджаны ў нашым грамадстве спосаб павольнага самазабойства – алкагалізм.
Заўжды здзіўляе распаўсюджанае паблажліва-грэблівае стаўленне да здабыткаў такой навукі, як псіхалогія. Можна з добрай доляй упэўненасці сцвярджаць, што калі на прапановы членаў камісіі звярнуцца за дапамогай да псіхолага бацькі адказваюць нешта тыпу: “Я не псіх”, нагода для такіх пасяджэнняў не знікне ніколі. Гэта ваша жыццё, і яго трэба ўмець жыць, а калі вы сядзіце на лаўцы вінаватых, то значыць – не ўмееце. Ваша сітуацыя не выключная, як вам здаецца. Вы нават гаворыце адно і тое ж: “Я яго красці не вучыла”, “Я крычу на яго, а яму хоць бы што”, “Гэта быў выключны выпадак – больш ні грама”, “У яго ўсё ёсць, што яму яшчэ трэба?!”. Усё гэта – “дзіцячы сад”, а ў сям’і павінен быць хаця б адзін дарослы, і яму павінна быць больш за 18.
І нікому з тых, хто быў запрошаны на пасяджэнне камісіі ў гэты раз, не позна памяняць сваё жыццё. Гэта наогул ніколі не позна. Грудныя ў вас дзеці ці ў арміі служаць – важна, што яны ёсць, і яны вам усё даруюць, толькі дайце нагоду. Калі вы пачняце цікавіцца справамі свайго дзіця, размаўляць з ім, пакажаце сваімі паво-дзінамі, што вы памятаеце пра яго існаванне, – не, ён не паверыць вам адразу, але зусім хутка ў вас з’явіцца рэальная магчымасць стаць шчаслівым побач з ім. А шчаслівае дзіця ніколі не будзе катацца на чужым мапедзе ноччу пасля двух літраў піва.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №40 ад 27.05.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *