Языком танца говорят актёры полоцкого коллектива «Пермьер-Спонайд»

Культура

Адвечная тэма прыгод і кахання

Тэатр танца любіць не кожны. Не кожны разумее яго мову, і прыхільнікі, заўзятары такога жанру мастацтва, на маю думку, людзі асаблівыя. Ідучы, напрыклад, на спектакль у стылі шоу-рэвю “Чароўная кветка” або на любы мюзікл (а мюзіклаў, пераважна дзіцячых у калектыву тэатра танца “Прэм’ер-Спонайд” з Полацка з дзясятак) ніхто з гледачоў не чакаў нейкіх эстрадных шоу, ведаў, што не будзе нізкапробных ці “зацяганых” сюжэтаў. Заўсёды ў спектаклі будзе пластыка танца, заўсёды “прыйдзе” такая кульмінацыя, ад якой пачасціцца пульс, спацеюць далоні. Таму і здзіўляе, што ні разу за 24 гады, што на сцэне, тэатр не пабываў у Шуміліне, не пацешыў дзяцей, не парадаваў дарослага гледача адметнасцю свайго таленту. А суседзі ж!..

А спектаклі, пастаўленыя Веранікай Навіцкай – мастацкім кіраўніком Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра танца “Прэм’ер-Спонайд” ДК ААТ “Полацк-Шкловалакно”, ніколі не апускаліся да сцэнічных, скажам так, паўфабрыкатаў ці непрадуманых кампазіцый. Фальклор, пераважна беларускі ці наогул славянскі, казкі, міфалагічныя вобразы і матывы – асноўныя крыніцы, адкуль чэрпае натхненне творчы калектыў, адкуль бярэ вытокі стыль, калі хочаце, код усіх спектакляў.

Не стаў выключэннем і харэаграфічны спектакль “У імя кахання”, пададзены гледачу зусім нядаўна. Няхай назва пастаноўкі гучыць празаічна, трохі збіта (можна было, скажам, назваць “Чатыры німфы Майстра” або неяк інакш), тым не менш у самой пластыцы спектакля адчуваецца рука сапраўднага майстра. Прэм’ера спектакля прайшла восем гадоў назад, сёння ж была прадстаўлена новая яго рэдакцыя, з цікавымі элементамі, якія асвяжаюць пастаноўку, надаюць ёй яшчэ больш дынамізму і займальнасці.

“У імя кахання” – чацвёрты спектакль Веранікі Навіцкай, які давялося паглядзець у ДК “Полацк-Шкловалакно”, таму маю, напэўна, поўнае права на больш-менш аб’ектыўную ацэнку творчасці мастацкага кіраўніка. Гэтая пастаноўка вылучаецца сярод іншых – і перш за ўсё тым, што тут няма казачных матываў ці фальклорных распрацовак, тут ёсць Францыя 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Ёсць гарачы, у шалёным рытме танец канкан у кабарэ, гаспадыня якога Элен, нявеста Скульптара – галоўнага героя спектакля, ёсць не менш дынамічны чарльстон, ёсць харызма кахання, ёсць размеранае “цячэнне” іншых танцаў, якія, між тым, і заварожваюць, і палоняць гледача не менш. І хаця завязка (Скульптар у сваёй майстэрні, сон служанкі Таіс) не надта настройвае на драматызм падзей, аднак жа неўзабаве, са з’яўленнем свецкай львіцы Элен, якая чакае адкрыцця аўкцыёну па продажу скульптур Німфаў мастака, са з’яўленнем бяздарнага скульптара гледачы ўжо засяроджаны на пастаноўцы, яны не прапускаюць ніводнай сцэны. І не толькі у кабарэ, гледачы ў напружанні да самага апошняга “акорда” спектакля, пасля чаго ўзрываюцца гарачымі і бурнымі воплескамі, стоячы, з воклічамі “Брава” праводзяць сваіх любімцаў за кулісы.

Полацкі глядач любіць “Прэм’ер-Спонайд”. І не толькі полацкі: на спектаклі, ведаючы пластыку танца тэатра, ведаючы, наколькі яркія і вясёлкава-свежыя касцюмы пастановак Веранікі Навіцкай, прыязджаюць з Шуміліна, іншых блізкіх мястэчак. Падчас гастроляў тэатра не раз песціў увагай аматарскі калектыў з Полацка глядач з Латвіі і Масквы, з Мазыра і Турцыі, з чэшскага пасольства і дзіцячага аздараўленчага лагера “Зубраня”, са славацкага Прэшава, з Арменіі, Расіі, Украіны,

Адвечная тэма прыгод і кахання – такі лейтматыў усёй творчай дзейнасці Заслужанага аматарскага калектыву тэатра танца з Полацка, ля вытокаў якога з дня заснавання стаіць вядомы ў горадзе і за межамі Беларусі харэограф, апантаны мастацтвам чалавек – Вераніка Навіцкая. Палачане (і не адны яны) з нецярпеннем чакаюць ад майстра новых і цікавых знаходак. І тэатр “Прэм’ер-Спонайд” ніколі не расчароўваў, тэатр заўсёды апраўдваў высокі давер самага галоўнага свайго рэцэнзента – шчырага і дапытлівага гледача.

Мікалай МАРОЗ.

Надрукавана ў №40 ад 27.05.2014 г.



5 комментариев по теме “Языком танца говорят актёры полоцкого коллектива «Пермьер-Спонайд»

  1. Калектыў цікавы — і толькі. Само слова аматарскі кажа само за сябе. Лічу, што ў раённай газеце трэба прапагандаваць мясцовыя калектывы, якіх дарэчы… Пытанне да аўтара — колькі?

  2. Похоже, кого-то из шумилинской культуры зависть загрызла.

  3. Волечка, ва ўстановах культуры працуюць 14 калектываў са званнем «народны» і 5 — «узорны» (інфармацыя паводле афіцыйнага сайта райвыканкама).
    «Аматарскі» калектыў азначае, што яго ўдзельнікі займаюцца ў ім на грамадскіх пачатках. Атрымлівалі б зарплату — калектыў быў бы дзяржаўным.
    Тэатр “Прэм’ер-Спонайд” сапраўды дэманструе высокі ўзровень мастацтва як аматарскі калектыў. У той час як шумілінскія «народныя» існуюць па большай частцы на паперы. Калі не — чаму іх не бачна ў дні вялікіх дзяржаўных святаў ва ўсёй прыгажосці на сцэне? Глядзіце мой каментарый да рэпартажу аб святкаванні Дня Перамогі, на які Зацікаўлены і Таццяна так крыўдуюць. А хіба можна пахваліць тое, чаго не было?

  4. Такое впечатление, что Ника претендует на должность руководителя народного коллектива…? В Шумилино все участники тоже на бесплатной основе. А слабо записаться в коллектив и принимать участие, может тогда и «паперу» портить не придется на пустые кривотолки.

  5. Ніка, пытанне было да аўтара публікацыі, і не мелася на ўвазе дакладная лічба калектываў. Калі вы маеце рацыю наконт САМАДЗЕЙНЫХ калектываў, то раўняць гарадскі калектыў з раённым не зусім правільна. Што датычыцца Шумілінскіх калектываў, калі б вы былі ў тэме — то б ведалі, што яны цудоўныя. Працуюць у іх, і наведваюць іх, як вы напісалі НА ГРАМАДСКІХ ПАЧАТКАХ, апантанныя людзі — мае землякі. Дзякуй вялікае ім за гэта! Я з годнасцю магу сказаць — Малайцы!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *