24 лістапада адбылася шостая чарговая сесія раённага Савета дэпутатаў. У рабоце сесіі прынялі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Вальдэмар Антонавіч Падляшчук, дэпутат Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар Віцебскай абласной філармоніі Алена Міхайлаўна Падаляк.
Вяла сесію старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Мікалаеўна Новікава.
Сесія па сутнасці стала агульнараённым сходам, бо апроч народных абраннікаў удзел у ёй прымалі прадстаўнікі ўлады і грамадскасці, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, актыў раёна.
Са справаздачай раённага выканаўчага камітэта аб выкананні асноўных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2006 –2010 гадах, прагнозных паказчыках на 2011 год і стратэгічнай праграме развіцця Шуміліншчыны на 2011–2015 гады выступіў В. А. Падляшчук.
Вальдэмар ПАДЛЯШЧУК:
“Галоўным для нас быў і застаецца чалавек — яго здароўе, зарплата, пенсія, бяспека, жыллё”
Асноўны прынцып дзяржаўнага будаўніцтва ў бягучай пяцігодцы — павышэнне якасці жыцця насельніцтва. Гэта знайшло адлюстраванне ў прынятай у 2006 годзе на трэцім Усебеларускім сходзе Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006-2010 гады.
У дзяржавы шмат клопатаў, але заўсёды ёсць самы галоўны, прыярытэтны — забеспячэнне грамадзянам годнага ўзроўню і якасці жыцця. Таму ўсе задачы, якія стаяць перад намі па павышэнні ўзроўню вытворчасці, зніжэнні напружанасці на рынку працы, выкананню сацыяльных стандартаў павінны быць сугучнымі з патрабаваннем, акрэсленым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам “Усё — для чалавека”.
Таму, якія б важныя задачы мы не рашалі ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, галоўным для нас быў і застаецца чалавек — яго здароўе, зарплата, пенсія, бяспека, жыллё.
І трэба сказаць, што сярэдняя заработная плата за пяцігодку ўзрасла ў 2,6 раза, размер пенсіі — у 2,2 раза. У 2 разы зменшылася колькасць малазабяспечаных грамадзян.
Скараціўся ўзровень беспрацоўя з 1,4% да 0,9%, узрасла колькасць занятага насельніцтва.
Намецілася станоўчая тэндэнцыя росту нараджальнасці, зніжэння смяротнасці насельніцтва, змяншэння натуральных страт насельніцтва і адтоку людзей з раёна. На 41,5% узрасла колькасць нарадзіўшыхся ў раёне ў параўнанні з 2005 годам, на 10,7% скарацілася колькасць памерлых, на 40% сталі меншымі натуральныя страты насельніцтва.
У раёне захавана і памножана сацыяльная інфраструктура.
На працягу апошніх пяці год атрымала далейшае развіццё адукацыйная галіна. Ва ўстановах адукацыі (Башнёўскай СШ, раённай гімназіі, Мікіціхінскай, Слабадской, Амбросавіцкай, Кардонскай, Мішневіцкай, Навікоўскай, Крывасельскай школах) праведзены работы па рамонту і ўцяпленню будынкаў, замене водаправодных і цеплавых сетак, рамонту каналізацыі, дахаў, асфальтаванню тэрыторый. Пачаты работы па мадэрнізацыі будынка Шумілінскай СШ №1 (праектны кошт — 5 мільярдаў рублёў).
На рамонтныя работы ўстаноў дашкольнай адукацыі з 2005 года накіравана больш за 1,5 мільярда рублёў, на набыццё мэблі, цацак спартыўнага інвентару — 270 мільёнаў.
На ўтрыманне аднаго дзіцяці ва ўстановах дашкольнай адукацыі ў бюджэце раёна прадугледжана 6293 тысячы рублёў у год. Пры гэтым бацькоўская плата кампенсуе толькі 7% ці 434 тысячы рублёў у год.
На ўтрыманне аднаго школьніка ў бюджэце раёна прадугледжана 5408 тысяч рублёў у год.
Над захаваннем і памнажэннем духоўнага багацця, традыцыйных народных рамёстваў нашага народа ў раёне працуюць 66 устаноў культуры, 143 фарміраванні мастацкай сама-дзейнасці, народнай творчасці, у тым ліку 89 дзіцячых гурткоў. 14 калектываў маюць званне “народны”, 4 — званне “узорны”.
Цэнтрам традыцыйнай беларускай культуры з’яўляецца раённы Дом рамёстваў, які займаецца адраджэннем 14 традыцыйных рамёстваў.
Узрос кніжны фонд бібліятэк, 53 населеныя пункты па 13 маршрутах абслугоўвае перасоўны бібліёбус.
Паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ўстаноў аховы здароўя. Праведзена рэканструкцыя аддзяленняў цэнтральнай раённай бальніцы, фельчарска-акушэрскіх пунктаў, набываецца новае медыцынскае абсталяванне. На гэтыя мэты выкарыстана звыш 5 мільярдаў рублёў.
У раёне актыўна вядзецца будаўніцтва жылля, аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. За гады пяцігодкі з дзяржаўнай падтрымкай пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю 7 шматкватэрных дамоў, 214 аднакватэрных жылых дамоў у сельскай мясцовасці. Забяспечанасць насельніцтва жыллём узрасла з 25,9 квадратных метраў на аднаго чалавека ў 2000 годзе да 30,5 квадратных метраў у 2010 годзе.
З пачатку 2006 года адрамантавана 48 тысяч кв. м жылля, выкарыстана на гэтыя мэты 4,4 мільярда рублёў. Заменена 15 кіламетраў цеплавых сетак, 2,5 км водаправодных сетак, 18 артсвідравін, 8 воданапорных вежаў. Уведзены ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання і ачышчальныя збудаванні ў аграгарадку Мікіціха, пачата рэканструкцыя напорнага калектара ў г. п. Шуміліна, водазабору — у г. п. Обаль. Пры гэтым насельніцтва кампенсуе толькі 22% затрат за аказаныя жыллёва-камунальныя паслугі.
Адрамантавана і рэканструявана 78,2 км дарог, на гэтыя мэты выкарыстана 7 мільярдаў рублёў. На ўтрыманне дарог пайшло 8286 мільёнаў рублёў.
На мэты навядзення парадку на землях населеных пунктаў накіравана работа па зносу старых жылых дамоў і рэкультывацыі зямельных участкаў у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 70 “Аб мерах па ўпарадкаванню ўліку і скарачэнню колькасці пустуючых і лядашчых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці”. З пачатку дзеяння Указа знесена 645 непрыдатных да эксплуатацыі жылых пабудоў, на знос і рэкультывацыю выкарыстана 207 мільёнаў рублёў з абласнога і раённага бюджэтаў.
Вытворчасць прамысловай прадукцыі за мінулыя пяць год павялічылася на 50%, спажывецкіх тавараў — у 2,8 раза.
Больш чым у 2,9 раза павялічылася вытворчасць сыроў тлустых, у 2,3 раза — масла жывёльнага, у 2,6 раза — мяса птушкі.
Цесныя эканамічныя і гандлёвыя сувязі арганізацый нашага раёна склаліся з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі (Масква, Санкт-Пецярбург, Смаленск, Растоў-на-Доне, Чалябінск, Нагінск), краінамі далёкага замежжа (Казахстан, Германія, Турцыя).
Толькі ў гэтым годзе на экспарт пастаўлена тавараў на суму 12 млн. долараў ЗША, што на 35,7% больш мінулагодняга ўзроўню. Забяспечана станоўчае сальда знешнегандлёвых аперацый.
І гэта нягледзячы на тое, што эканамічнае развіццё прамысловай галіны ў бягучай пяцігодцы было абцяжарана ростам цэн на энерганосьбіты, сусветнымі фінансавымі праблемамі.
Пачынаючы з 2006 года ў раёне створана 50 новых прадпрыемстваў.
Больш чым у два разы забяспечаны рост падрадных работ у будаўнічым комплексе. У бягучым годзе чакаецца дасягненне рэкорднай для раёна велічыні ўводу жылля — 9900 кв. метраў.
Галоўнымі вынікамі рэалізацыі праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця гарадскіх пасёлкаў Шуміліна і Обаль стала выкананне ўстаноўленых параметраў, рост аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі, спажывецкіх тавараў, рознічнага тавараабароту, платных паслуг насельніцтву, колькасці занятага насельніцтва, стварэнне 1100 новых рабочых месцаў. У эканоміку райцэнтра і Обалі ў 2006–2010 гадах інвеставана больш за 69 мільярдаў рублёў. Рэалізавана 25 інвестыцыйных праектаў тэхнічнай мадэрнізацыі вытворчасці і развіцця сферы паслуг. Створана 30 новых прадпрыемстваў.
Стабільная работа аграпрамысловага комплексу раёна.
Вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ўзрасла ў 1,2 раза ва ўсіх катэгорыях гаспадарак, вытворчасць зерня павялічылася на 19%, мяса буйной рагатай жывёлы і птушкі — у 1,4 раза, малака — у 1,2 раза.
Прыняты меры па паляпшэнні ўрадлівасці глебы. У 2010 годзе ў тры разы больш, чым пяць год таму, унесена мінеральных і арганічных угнаенняў, у 1,6 раза ўзраслі аб’ёмы работ па ўнясенні гліфасатных прэпаратаў.
У рамках Праграмы адраджэння і развіцця сяла праведзены рэканструкцыя і тэхнічнае перааснашчэнне 14 малочнатаварных ферм, 17 жывёлагадоўчых памяшканняў, чатырох рамонтных майстэрняў, будаўніцтва і рэканструкцыя зернеачышчальных комплексаў.
Значна адноўлены машынна-трактарны парк сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. У гаспадаркі раёна паступіла 49 зернеўборачных камбайнаў, 15 адзі-нак кормаўборачнай тэхнікі, 22 энерганасычаныя трактары, 36 аўтамабіляў, 20 пагрузчыкаў “Амкадор”, 273 адзінкі іншай сельскагаспадарчай тэхнікі.
Створана 8 сельскіх пасяленняў новага тыпу — аграгарадкоў, дзе ўмовы жыцця людзей максімальна набліжаны да гарадскіх.
Сярэдняя зарплата ў сельскай гаспадарцы павялічылася ў 2,8 раза — з 260 тысяч рублёў у 2005 годзе да 732 тысяч у бягучым.
Выконваючы Праграму развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян на 2006–2010 гады, у раёне выпрацавана сістэма аказання дапамогі гаспадарам. Удзельная вага асабістых падсобных гаспадарак у агульным аб’ёме вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі па папярэдніх выніках за 2010 год складзе 34%, у тым ліку па вытворчасці малака — 15,1%, зерня — 15%, бульбы — 93,8%.
Індыкатарам росту ўзроўню дабрабыту людзей з’яўляецца развіццё гандлёвай галіны і рост аб’ёму рознічнага тавараабароту.
За 2006–2010 гады тавараабарот праз усе каналы рэалізацыі вырас у 1,9 раза.
У мэтах паляпшэння гандлёвага абслугоўвання насельніцтва рэканструявана 12 і пабудавана 14 гандлёвых аб’ектаў.
Малыя населеныя пункты, якія не маюць стацыянарнай гандлёвай сеткі, абслугоўваюць сем аўтамагазінаў.
Прыярытэтным накірункам у развіцці раёна з’яўляецца сфера паслуг.
Рэалізацыя платных паслуг насельніцтву да ўзроўню 2005 года павялічылася на 66,4%, у тым ліку бытавых — у 2,8 раза.
Значны ўплыў на аптымізацыю структуры эканомікі ў раёне аказвае прыватны бізнес.
У раёне зарэгістравана 75 малых прадпрыемстваў, 215 індывідуальных прадпрымальнікаў. 11% вытвараемай прамысловай прадукцыі, 35% рознічнага тавараабароту, 47% падатковых паступленняў прыходзіцца на прадпрыемствы малога бізнесу.
Асноўнымі відамі дзейнасці 16 малых прадпрыемстваў з’яўляецца вытворчасць прамысловай прадукцыі і будаўніцтва, 12 аказваюць паслугі вытворчага і сацыяльнага характару.
Разам з тым у гэтай пяцігодцы не ўдалося ў поўнай меры рашыць шэраг праблем, якія стрымліваюць дынамічнае развіццё нашага рэгіёна.
Высокая матэрыялаёмістасць і энергаёмістасць выпускаемай прадукцыі, адносна нізкая вытворчасць працы вядуць да недастатковай канкурэнтаздольнасці прадукцыі.
Зніжаецца эфектыўнасць інвестыцый, не рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты з прыцягненнем замежных інвестыцый. Слабай застаецца ўспрымальнасць арганізацый да інавацый.
На рашэнне ўказаных праблем, пераадоленне абмежаванняў эканамічнага росту і будзе накіравана наша работа ў бліжэйшым будучым.
Асноўнай задачай развіцця рэальнага сектара эканомікі з’яўляецца павышэнне эканамічнай эфектыўнасці вытворчасці, зніжэнне затрат на вытворчасць прадукцыі, зніжэнне матэрыяла- і энергаёмістасці вытвараемай прадукцыі, інавацыйнае развіццё эканомікі, стварэнне новых вытворчасцей, прадпрыемстваў, якія будуць вытвараць высокатэхналагічную прадукцыю, арыентаваную на экспарт.
Неабходна пачаць работы па стварэнні новай вытворчасці на Обальскім керамічным заводзе, па ўстаноўцы новай тэхналагічнай лініі на Шумілінскім льнозаводзе, правесці тэхнічную мадэрнізацыю прамысловай вытворчасці раённага спажывецкага таварыства, будаўніцтва фабрыкі па вытворчасці кіпаванага торфу і спажыўных грунтоў на ўчастку перапрацоўкі торфу, тэхнічную мадэрнізацыю і будаўніцтва цэха па вытворчасці мясных паўфабрыкатаў прадпрыемствам “Вітконпрадукт”, устанавіць лінію па вытворчасці малака згушчанага ў вытворчым цэху ААТ “Малако”.
Самая пільная ўвага будзе ўдзелена стварэнню новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, арыентаваных выпускаць прадукцыю з выкарыстаннем мясцовых сыравінных рэсурсаў, у тым ліку для пастаўкі на экспарт.
Важнейшымі накірункамі развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці будуць:
інтэнсіфікацыя сельскагаспадарчай вытворчасці на аснове эфектыўнага выкарыстоўвання вытворчых, глебава-кліматычных умоў, працоўных рэсурсаў;
укараненне навейшых высокапрадукцыйных айчынных гатункаў сельскагаспадарчых культур і парод жывёлы;
стварэнне ўмоў для развіцця асабістых падсобных, фермерскіх гаспадарак.
Рэалізацыя ўказаных мер дазволіць да 2015 года забяспечыць рост вытворчасці прамысловай прадукцыі і спажывецкіх тавараў, экспарт тавараў і паслуг, аб’ём інвестыцый у асноўны капітал у 2 разы.
Сацыяльная палітыка дзяржавы нацэлена на рашэнне адной з важнейшых задач нашага грамадства — павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва, стварэнне ўмоў для развіцця чалавечага патэнцыялу.
У важнейшым праграмным дакуменце нашай дзяржавы — Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011 – 2015 гады — гаворыцца: “Беларуская зямля можа ўмясціць, пракарміць і забяспечыць еўрапейскі ўзровень жыцця намнога большай колькасці людзей, чым зараз. Насельніцтва Рэспублікі Беларусь заслугоўвае таго, каб жыць даўжэй і лепш, таму галоўны прыярытэт — павышэнне ўзроўню нараджальнасці пры адначасовым павелічэнні працягласці жыцця, вялікія і моцныя сем’і, шчаслівае дзяцінства, поўная магчымасцей і перспектыў маладосць, актыўная працоўная дзейнасць, прыносячая дастатак, забяспечанае і годнае жыццё ў пажылым узросце”.
Канцэнтравана і ёмка дадзена паняцце нашай асноўнай мэты, для дасягнення якой прымаюцца праграмныя дакументы развіцця нашай дзяржавы і кожнага рэгіёна паасобку.
У 2011–2015 гадах эканамічныя рэсурсы павінны быць з’арыентаванымі на наступных накірунках развіцця:
Развіццё чалавечага патэнцыялу.
Прадпрымальніцтва і ініцыятыва.
Інавацыйнае развіццё эканомікі.
Рост экспарту тавараў і паслуг.
Устойлівае развіццё рэгіёнаў.
Якаснае і даступнае жыллё.
Эфектыўны аграпрамысловы комплекс.
У новай пяцігодцы перад беларускай дзяржавай і народам стаяць сапраўды маштабныя задачы, намечаны амбіцыёзныя планы, над выкананнем якіх належыць напружана працаваць, мабілізаваўшы ўсю волю, энергію, ініцыятыву, рэсурсы, паставіўшы перад сабой ясную мэту, дасягненне якой дазволіць выйсці на якасна новыя рубяжы развіцця нашай краіны.
Надрукавана ў №92 ад 26.11.2010