Установление отцовства через суд

Вопрос-Ответ Закон

Устанаўленне бацькоўства праз суд
Добраахвотнае ўстанаўленне бацькоўства не заўсёды мае месца. Калі пры нараджэнні дзіцяці па-за шлюбам яго бацька ўсё ж адмаўляецца ад падачы сумеснай з маці заявы ў органы загсу аб устанаўленні бацькоўства альбо маці дзіцяці перашкаджае фактычнаму бацьку ўстанавіць сваё бацькоўства ў добраахвотным парадку, паходжанне дзіцяці можа быць устаноўлена ў судзе.
Згодна з арт. 57 Кодэкса аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь пры разглядзе спраў аб устанаўленні бацькоўства суд павінен вы-светліць адзіны факт – паходжанне дзіцяці, прымаючы да ўвагі доказы, якія з дакладнасцю пацвярджаюць паходжанне дзіцяці. Суд можа таксама прыняць да ўвагі сумеснае выхаванне і ўтрыманне дзіцяці матуляй і мяркуемым бацькам, сумеснае пражыванне і вядзенне агульнай гаспадаркі да нараджэння дзіцяці.
Доказныя факты могуць устанаўлівацца любымі сродкамі, уключаючы паказанні сведкаў, любыя фактычныя дадзеныя, прызнаныя судом дакладнымі (лісты, тэлеграмы, фотаздымкі і г. д.), а таксама заключэннямі судова-медыцынскай і генна-дактыласкапічнай экспертыз.
Заява аб устанаўленні бацькоўства і спагнанні аліментаў аплачваецца пошлінай па стаўках, устаноўленых для іскавай заявы немаёмаснага характару (зараз – 3 базавыя велічыні, г. зн. 450000 руб.). Суд мае права прысудзіць баку, на карысць якога вынесена рашэнне аб устанаўленні бацькоўства і спагнанні аліментаў, судовыя выдаткі, панесеныя ім па справе, у тым ліку і на аплату правядзення генна-дактыласкапічнай экспертызы.
У выпадку, калі адказчык у судовым пасяджэнні выказаў згоду падаць заяву аб устанаўленні бацькоўства ў органы загсу, суд мае права адкласці разгляд справы на пэўны тэрмін, дастатковы для ўстанаўлення бацькоўства. Пасля прадастаўлення суду пасведчання аб устанаўленні бацькоўства вытворчасць па справе спыняецца.
К. УНУКОВІЧ, суддзя суда Шумілінскага раёна.
Надрукавана ў №38 ад 20.05.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *