Горкі смак піва
У гэтым годзе ў раёне складзена 10 адміністрацыйных пратаколаў за тое, што падлеткі распівалі спіртныя напіткі або знаходзіліся нецвярозымі ў грамадскіх месцах.
“Прычыны, па якіх падлеткі цягнуцца да бутэлькі, самыя розныя, – лічыць старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Алена Селязнёва. – Некаторыя капіруюць паводзіны сваіх нядбайных бацькоў, іншыя спрабуюць спіртное “па прыколу”. Некаму здаецца, што калі пацягнецца за чаркай, дык будзе здавацца ў вачах іншых больш разумным і дарослым”.
Нядаўна ў Шуміліне чатыры непаўналетнія дзяўчыны з трыма хлопцамі вырашылі папіць ў грамадскім месцы піва. Папілі. У выніку міліцыянеры склалі 12 адміністрацыйных пратаколаў, тры з іх – на саміх дзяўчат. На бацькоў адной дзяўчыны, якой няма яшчэ 16 гадоў, складзены два адміністрацыйныя пратаколы: за тое, што іх дачка распівала піва (пагражае да 10 базавых велічынь) і за тое, што знаходзілася пасля 23 гадзін у грамадскім месцы без суправаджэння дарослых (штраф да дзвюх базавых велічынь).
“Думаецца, гэты выпадак паслужыць многім урокам. Дзяўчаты зразумелі горкі смак піва і раскаяліся ў сваім учынку, – кажа А. В. Селязнёва. – Паўналетнім хлопцам за ўцягненне дзяўчат у антыграмадскія паводзіны пагражае штраф па паўтара мільёна рублёў кожнаму. Аднаму з маладых людзей, які купіў піва для дзяўчыны – яшчэ дадаткова паўтара мільёна рублёў”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №36 ад 13.05.2014 г.