Куда исчезает проводное радио?

Вопрос-Ответ Общество

Звычка звычкай, а новае праб’ецца
У рэдакцыю патэлефанавалі з вёскі Мосарава Сіроцінскага сельсавета. “Учора прыязджалі сувязісты, сказалі, што праз дзень-другі радыё працаваць не будзе, – дзялілася набалелым сям’я Старавойтавых. – Рэкламавалі нейкі прыёмнічак, расказалі, што зараз будзем слухаць радыё па ім. Трэба купляць. А ён каштуе 204 тысячы. А што калі купіш, а ён працаваць не будзе? А мы любім паслухаць радыё, устаём па ім у 6 раніцы. Песні слухаем, навіны. А гэта ад разеткі, будзе браць электраэнергію. Нашто нам такі апарат?.. Пакіньце правадное радыё”.
Вось такая трывога у людзей сталага веку. Моладзь, упэўнены, па такіх пытаннях у рэдакцыю звяртацца не будзе, яна разумее, якім шырокім крокам ідзе прагрэс, што правадное радыё – нават не ўчарашні, а пазаўчарашні дзень, што навіны, песні можна паслухаць і па іншых каналах. Людзі пажылыя – іншае, іх цяжка  пераканаць, што не варта чапляцца за старое, адгніўшае, не трэба баяцца навінак.
Мы звярнуліся за каментарыем сітуацыі да начальніка раённага вузла электрасувязі Ю. Р. Маскалькова. Вось што ён адказаў рэдакцыі:
– Не трэба баяцца новага прыёмніка. Калі што здарыцца з ім,  майстар прыедзе і адрамантуе. Праблем з гэтым не будзе. І па цане. Яна  сацыяльна арыентаваная, не кітайскі прыёмнік – свой, беларускі. Надзейны. Ды і лінію, якая праходзіць паўз дарогу, што вядзе на Гарадок, даўно трэба  знімаць: гнілыя слупы, ржавы дрот. Мы не можам  ўсё гэта мяняць, калі ва ўсім свеце ідуць па іншаму шляху, больш прагрэсіўнаму.
Новыя прыёмнікі прадаём ужо тры гады. Бяруць, каму трэба. Прыёмнік – альтэрнатыва правадному радыё, з тымі ж праграмамі Першага нацыянальнага канала. Усё, як і было, застанецца, толькі трэба набыць прыёмнік. Па электраэнергіі. Прыёмнік бярэ яе такі мізар, што і гаварыць не трэба. Дарэчы, ён можа працаваць і на батарэйках.
І апошняе. Пяць гадоў назад у раёне працавала 9 тысяч радыёкропак, зараз засталося ўсяго 3 тысячы, сярод якіх больш за тысячу – радыёкропкі юрыдычных асоб.  Паўтаруся, прыёмнікі купляюць. Тым больш, што прыём хваляў устойлівы, у тым ліку і  па перадачах  раённага радыё.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №28 ад 11.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *