Новые традиции – любовь на замок

Молодёжь Общество

Каханне — на замок?
Была вольная часіна, і я вырашыў прагуляцца па алеях гарадскога  парка. Стаяла, як пісаў паэт, “голая восень”, на гэтым фоне люба выглядалі лось і электрык, альтанка і куфэрак, выштукаваныя рукамі чалавека. Але не гэта драпнула мяне па сэрцы, усцешыў чамусьці гарбаты масток праз ставочак з навешанымі замкамі. Калі б не ведаў, што гэта за сімвал, можа, і прапусціў бы. А так пабег у рэдакцыю за фотаапаратам…
“А чым мы горшыя?” — так, відаць, думаюць у правінцыяльным мястэчку Шуміліна, пераймаючы традыцыю, якая нарадзілася ў Фларэнцыі.
Усё пачалося ў 90-х гадах  пасля выхаду рамана  італьянскага пісьменніка Федэрыка Мача “Тры метры над небам”. Кніга нарадзіла не бясспрэчную, але свежую і арыгінальную ідэю, якую падхапіла моладзь. “Масты кахання” — так можна двума словамі назваць падобную “акцыю”, якая неўзабаве пераступіла межы Італіі.
Рамантычна? Вядома. Каханне — на замку: што можа сімвалізаваць  больш трывалую повязь двух сэрцаў у адно? Бачыў гады тры таму сюжэт з Санкт-Пецярбурга, а неўзабаве з Кіраўскага моста, што ў Віцебску, як спілоўвалі камунальнікі дужкі замкоў, вызвалялі парэнчы ад цяжару. Ды і не надае, маўляў, прывабнасці такая карціна. Не ведаю, ці лавілі, ці штрафавалі маладых за такія ўчынкі (у Фларэнцыі, відаць, былі факты), толькі дзе-нідзе прыдумалі выйсце: каб не “акупіравалі” парэнчы, паставілі на тых жа мастах жалезныя, трывалыя дрэвы, — вешайце. І вешаюць…
У Шуміліна такая завядзёнка дапала адносна нядаўна. Праўда, кажуць, камунальнікі паспелі ўжо спілаваць не адзін замок. На дне стаўка, што ў парку, ляжаць сотні ключоў. Нехта пажартаваў: ”Трэба палазіць калі-небудзь, сабраць ключы і адамкнуць замкі. Але ж тады адамкнецца і каханне…”
Тым не менш, кажуць, “мост кахання” ў Шуміліне прынёс першыя сюрпрызы, калі і каханне на “замку”, а развяліся. Значыць, не ў гэтым шчасце, хаця  моладзі хочацца рамантыкі, хочацца абярэга. І ў гэтым няма нічога крамольнага, вось толькі б паставіць і для іх жалезнае “дрэва кахання”.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №91 ад 23.11.2010 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *