Каму можна кіраваць скутарам?
Чалавек вучыўся ў вучэбна-курсавым камбінаце на трактарыста-машыніста толькі дзеля таго, каб потым кіраваць мапедам ці скутарам. Купіў адзін з гэтых транспартных сродкаў і прыгнаў яго на агляд у дзяржаўтаінспекцыю, каб атрымаць неабходны дакумент для рэгістрацыі. Але тут сутыкнуўся з праблемай: патрэбных дакументаў не выдаюць, бо куплены мапед па тэхнічных характарыстыках адпавядае матацыклу. Што рабіць? І ўвогуле якімі транспартнымі сродкамі можна кіраваць, маючы катэгорыю “А”? Пытанні такога кшталту часта паступаюць на “прамую лінію” ДАІ РАУС.
“З катэгорыяй “А” можна кіраваць колавымі трактарамі, у якіх рухавік з магутнасцю да 80 кВт, а таксама мапедамі і скутарамі з рабочым аб’ёмам рухавіка да 50 кубічных сантыментаў і максімальнай хуткасцю руху, вызначанай тэхнічнай характарыстыкай, не больш за 50 кіламетраў у гадзіну, – тлумачыць начальнік ДАІ РАУС М. У. Гаралевіч. – Да мапедаў прыраўніваюцца веласіпеды з падвясным рухавіком, мокікі і іншыя механічныя транспартныя сродкі з аналагічнымі характарыстыкамі”.
Іншая справа ў тым, што знешне транспартны сродак вельмі падобны на мапед. Ды і прадаўцы на рынку прадаюць яго як скутар ці мапед. І пакупнікі ўпэўнены, што такім скутарам можна кіраваць з катэгорыяй “А”. А на самой справе часта аказваецца, што такія мапеды маюць тэхнічныя характарыстыкі матацыкла – гэта значыць, аб’ём рухавіка больш за 50 кубічных сантыметраў і максімальная хуткасць больш за 50 кіламетраў у гадзіну.
Але такі мапед ужо куплены, а ў гаспадара ёсць толькі правы катэгорыі “А”. “У такім разе трэба вярнуць куплены мапед прадаўцу, – кажа М. У. Гаралевіч. – А калі гэта немагчыма, прадаць яго ці вучыцца на катэгорыю “А-матацыклы” ці “А-1” – толькі ў такім разе можна садзіцца за руль”. Дарэчы, названыя катэгорыі можна атрымаць пры абучэнні ў абласной дзяржаўтаінспекцыі.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №27 ад 08.04.2014 г.