Конь
З фермы Кардэкі прапаў конь. Кіраўніцтва КУСГП “Мішневічы” з гэтай нагоды звярнулася ў міліцыю. Супрацоўнікі РАУС па гарачых слядах знайшлі злачынцаў, якія ўкралі каня. Імі аказаліся два мясцовыя жыхары. Дарэчы, абодва работнікі саўгаса. А каня яны паспелі прадаць цыганам. Супраць злачынцаў узбуджана крымінальная справа. Ім пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў або абмежаванне волі на той жа тэрмін, або выпраўленчыя работы да двух гадоў.
Трактар
Пацярпеў жыхар г. Віцебска, які мае дачу ў Слабадзе: з прычэпа ягонага трактара Т-25 знялі кола, укралі пакрышку. Урон складае 1 мільён 300 тысяч рублёў. Злачынца знойдзены, ім аказаўся мясцовы вясковец.
Сумленне
Жыхарка Мікалаёва заявіла ў міліцыю,што ў яе ўкралі грошы. А назаўтра ў РАУС прыйшла жыхарка а.-г. Кардон і добраахвотна прызналася ў крадзяжы, прычым поўнасцю вярнула грошы. Вінаватая прызналася, што ўкрала грошы з кішэні курткі пацярпелай у яе доме ў той момант, калі гаспадыня спала. Але яна раскаялася ў сваім ўчынку, таму і з’явілася з чыстасардэчным прызнаннем у міліцыю. І гэта міліцыя ўлічыла – ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена.
Пашпарт
У жыхара райцэнтра ўкралі пашпарт. А здарылася гэта ў той дзень, калі ён знаходзіўся ў гасцях у знаёмых. Тут была і ліхадзейка – жыхарка Слабады, якая залезла ў кішэню чужой курткі. Пашпарт знойдзены, вернуты гаспадару.
Магазін
У вёсцы Гаравыя абрабавалі магазін. З гэтай нагоды загадчыца і звярнулася ў міліцыю. Злодзея (мясцовага жыхара, раней судзімага за крадзеж) знайшлі і затрымалі. Ён пашкодзіў дах, адкуль і трапіў у магазін. Урон, нанесены райспажыўтаварыству, складае 368 тысяч рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Абавязак
Жыхарка Шуміліна, асуджаная за нявыплату сродкаў на ўтрыманне непаўналетняга сына да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу як абавязаная асоба была працаўладкавана на адно з прадпрыемстваў райцэнтра. Але жанчына на работу хадзіла праз дзень. Запазычанасць па аліментах расла. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Аварыя
На аўтадарозе Віцебск-Полацк (паміж Шумілінам і Язвінам) адбылася аварыя. Вадзіцель КХП “Віцебскія хлебапрадукты”, рухаючыся на МАЗе ў бок Полацка, пры развароце не ўступіў дарогу “Мерседэсу”, якім кіраваў жыхар Наваполацка. У выніку ДТЗ вадзіцель “Мерседэса” ад атрыманых траўм загінуў. Ягоны 12-гадовы сын дастаўлены ў бальніцу. Па дадзенай аварыі праводзіцца праверка.
Дзяржтэхагляд
З 15 па 25 лістапада супрацоўнікі ДАІ праводзяць дэкаду “Дзяржтэхагляд”. Падчас акцыі асаблівая ўвага надаецца наяўнасці дакументаў у вадзіцеляў, адзнакі аб пройдзеным тэхаглядзе.
Толькі за першыя тры дні дэкады спынены 6 вадзіцеляў, якія не мелі такіх дакументаў. Ім пагражае штраф у размеры дзвюх базавых велічынь кожнаму.
Надрукавана ў №91 ад 23.11.2010 г