Імклівасць часу прыспешвае
Першы квартал, чвэрць года ўжо пражыты. Імклівасць часу прыспешвае, асабліва тых, хто ў адказе за выкананне вытворчых і сацыяльных паказчыкаў, а гэта практычна ўсе мы.
З пытанняў выканання прагнозных паказчыкаў за студзень-сакавік бягучага года пачалася ўчора рабочая нарада ў райвыканкаме. Пакуль што можна гаварыць толькі пра папярэднія вынікі, але па ўсім відаць, што пра вялікія поспехі Шумілінскаму раёну рапартаваць не давядзецца.
Старшыня райвыканкама У. П. Куранны, які вёў нараду, асаблівую ўвагу звярнуў на выплату заработнай платы, разлікі за электраэнергію, папаўненне раённага бюджэту. Але гэтыя пытанні ўзаемазвязаны, падкрэсліў Уладзімір Пятровіч, не будзе вытворчасці – не будзе бюджэту, не будзе заработнай платы.
Вялікая ўвага на нарадзе была нададзена пытанням правапарадку ў раёне, неабходнасці больш жорстка працаваць па выкананні Дэкрэта № 18, па барацьбе з нелегальным продажам спіртнога, па распаўсюджванні сярод моладзі наркатычных рэчываў.
Вельмі гарачай застаецца і тэма выпальвання сухой травы, што вядзе да пажараў, пагражае жыццю людзей. Як паведаміў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях І. А. Крукаў, за дзень пажарным здараецца тушыць да дзесяці падпалаў травы. Ён паведаміў, што ў Віцебскай вобласці па прычыне выпальвання сухой расліннасці сёлета загінулі тры чалавекі.
На рабочай нарадзе была абмеркавана таксама работа са зваротамі грамадзян, разгледжаны сельскагаспадарчыя і іншыя пытанні.
Аліна Пятрова.
Надрукавана ў №25 ад 01.04.2013 г.