На мінулым тыдні сеялі ячмень і авёс
На мінулым тыдні першымі ў раёне распачалі сяўбу ў ААТ “Прыдзвінскі”, тут на высокіх палетках у Полькавічах сеяць ячмень і авёс.
“Самы час сеяць: на задзвінскіх палетках суха ды і надвор’е спрыяе, – перакананы начальнік аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці Р. Ф. Прасветаў. – Нават калі будзе невялікі мароз – не страшна. Усходы вытрымліваюць тэмпературу да мінус пяці градусаў”.
Едзем у Полькавічы, тут на палетках уздоўж дарогі шчыруе на сеялцы Сяргей Бараноўскі. “Глеба сухая, бачыце, нават пыл месцамі кружыць за трактарам, – кажа дырэктар гаспадаркі У. І. Дзятлаў. – Работы вядзём у комплексе: і дыскуем, і вывозім арганіку, і сеем. Пасеялі (гаворка вялася 28 сакавіка — аўт.) 31 гектар яравых зерневых. Гэта пачатак. Асноўныя работы наперадзе, на нізкіх палетках яшчэ гразка. Гаспадарцы даведзены план у 1140 гектараў яравых зерневых. Час яшчэ ёсць, думаю, што да 20 красавіка ўправімся. Механізатары стараюцца. Не хапае толькі грошай. На запчасткі і на паліва”.
Дарэчы, на мінулым тыдні ў раёне да сяўбы прыступілі яшчэ дзве гаспадаркі: у КУСГП “Ульскі” пачалі сеяць авёс, а ў ААТ “Шумілінскі райаграсэрвіс” – і ячмень. Адначасова вядзецца падкормка сенакосаў і пашаў, рыхтуецца глеба пад сяўбу кукурузы.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №25 ад 01.04.2013 г.