И вновь про медосмотр на рабочем месте

Безопасность Вопрос-Ответ Общество

Да медагляду гатовы?
У № 15 за 25 лютага ў раённай газеце быў надрукаваны артыкул “Пад кантролем”, дзе расказвалася, што з 25 студзеня бягучага года ўступіла ў сілу новая рэдакцыя Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове працы”.  Па просьбах нашых чытачоў мы друкуем больш дакладную і падрабязную інфармацыю пра правядзенне медыцынскіх аглядаў на працоўных месцах.
Медыцынскі агляд перад пачаткам работы праводзіцца з мэтай памяншэння вытворчага траўматызму і бяспекі работнікаў.  “Людзі, якія заняты работамі з павышанай небяспекай, у абавязковым парадку праходзяць перадзменны медыцынскі агляд або праверку на прадмет знаходжання ў стане алкагольнага, наркатычнага або таксічнага ап’янення,  – кажа галоўны спецыяліст райсельгасхарчу І. В. Навіцкі. – Перадзменны медыцынскі агляд  праводзяць  работнікі медыцынскай установы. Яны працуюць не толькі з алкатэстарам, але і мераюць ціск і нават тэмпературу. Калі агляд праводзіцца медыцынскім работнікам работадаўцы, то пры гэтым трэба мець спецыяльную ліцэнзію”.
А вось праверку на прадмет алкагольнага ап’янення на працягу рабочага дня з 25 студзеня можа рабіць і немедыцынскі работнік, а, напрыклад, інжынер ці механік – той, на каго гэтыя абавязкі ўскладзены. “Так, мы часта ездзім на аб’екты з мэтай праверыць, ці цвярозыя нашы работнікі, – кажа вядучы інжынер па ахове працы  ПМК-70  І. В. Іванова.    Людзі разумеюць, што іх у кожны момант могуць праверыць, і ў нейкай меры стрымлівае ад ужывання алкагольных напіткаў, кантроль прымушае задумацца”.
Іншая гаворка пра сельгаспрадпрыемствы. “Беручы пад увагу тое, што фельчарска-акушэрскага пункта ў вёсцы можа і не быць, пайшлі на ўступкі сельскай гаспадарцы, – кажа Ілья Вітальевіч. – Перадзменны агляд тут можа праводзіць чалавек, на каго ўскладзены такія абавязкі. Калі ёсць падазрэнні, што вадзіцель ці, скажам, машыніст пагрузчыка можа быць нецвярозым у сярэдзіне ці канцы рабочага дня, то праводзіцца паўторная праверка. Ужо на рабочым месцы”.
У выпадку адмовы работніка ад праходжання  медыцынскага агляду ці праверкі праз алкатэстар кіраўнік прадпрыемства абавязаны не дапусціць яго да  выканання работы ў адпаведны дзень ці змену. І за гэты перыяд заробак не налічваецца.
Дарэчы, у работніка таксама ёсць свае правы: напрыклад, ён можа адмовіцца ад работы, калі не выдадзены сродкі індывідуальнай аховы або ўзнікла непасрэдная небяспека для жыцця і здароўя. Але пра гэта чалавек павінен паведаміць кіраўніцтву пісьмова і пры гэтым не пакідаць працоўнае месца.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №25 ад 01.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *