Чалавеку даюць шанц
Каб аб’яднаць у справе падтрымання парадку ўсё грамадства і ствараліся грамадскія пункты аховы парадку. У рабоце пунктаў удзельнічаюць прадстаўнікі ўлады, грамадства, дэпутаты мясцовых Саветаў, міліцыя.
На пасяджэнне грамадскага пункта аховы парадку Дабейскага сельсавета запрасілі жыхара Дабеі М., які атрымаў прадпісанне пажарнай інспекцыі. Грамадзянін нідзе не працуе, да нядаўняга не меў пашпарта, не мае і рэгістрацыі, перабіваецца выпадковымі заробкамі. Ён вядзе антыграмадскі лад жыцця, п’е. Пражывае ў шматкватэрным доме, але сваю аднапакаёвую кватэру пераўтварыў у рассаднік антысанітарыі і шкодных насякомых. Калі вып’е, то часта засынае з цыгарэтай. Суседзі неаднаразова скардзіліся на задымленні з яго кватэры. Але пакуль бог мілаваў ад агню.
Размова адбылася жорсткая. Мужчына і сам разумее ганебнасць сваіх паводзін, гатовы, па ягоных словах, выправіць становішча. Адразу з пасяджэння ён накіраваўся з пашпартам ў сельвыканкам, каб зарэгістравацца па месцы жыхарства. Прадстаўнік мясцовай гаспадаркі абяцала працаўладкаваць небараку, але яму неабходна спачатку прайсці медыцынскі агляд і “завязаць” з гарэлкай, у гаспадарцы жартаваць не будуць, тут вядзецца штодзённае тэсціраванне на алкаголь.
Цяпер за жыццём гэтага чалавека будзе пастаянны кантроль з боку грамадства, адпаведных дзяржаўных арганізацый. Калі паводзіны не зменяцца – магчыма і накіраванне ў ЛПП. Чалавеку даюць шанц стаць вартым грамадзянінам, наладзіць прыстойнае жыццё. Наступны крок за ім.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №91 ад 23.11.2010 г