«А клоуна забрали в РОВД»

Происшествия

Цырк з’ехаў, а непрыемнасці засталіся
16 сакавіка ў РАУС паступіў незвычайны званок. Абураныя дарослыя, якія прывялі сваіх дзяцей на цыркавое прадстаўленне ў раённы цэнтр культуры,  патэлефанавалі ў дзяжурную часць з просьбай абараніць іх ад цыркачоў-ашуканцаў.
Нарад міліцыі выехаў па выкліку. Пачаліся разбірацельствы. Кожны з гледачоў (быў прададзены 101 білет) проста не знаходзіў слоў, каб выказаць сваё абурэнне.  На сайце раённай газеты з’явіліся адпаведныя каментарыі: “У Шуміліна прыехаў цырк і клоунаў забралі ў РАУС. Замест чароўнага неонавага шоу, дрэсіраваных і экзатычных жывёл, магіі і чараўніцтва на сцэне стаяў дзіўны тып з мыльнымі бурбалкамі і штучнымі кветкамі і цікавіўся, ці падабаецца нам выступленне”. Так, каляровыя афішы абяцалі многае. Абяцалі некалькі артыстаў, а быў толькі адзін, абяцалі жанглёраў, чалавека без касцей, магію, а “накармілі” гледача ашуканствам. Адна з глядачак расказвала пра свае ўражанні: “Мая дачка вельмі чакала гэтага прадстаўлення. Мы купілі два білеты (кожны па 50 тысяч рублёў) і адправіліся ў цырк. Але такіх здзекаў і насмешак над дзецьмі і дарослымі я і ўявіць сабе не магла. Нічога з абяцанага ў рэкламе мы не ўбачылі. Толькі і чулі са сцэны: раз-два, чыкі-брыкі. Мая дачка выйшла з цырка без настрою і сказала: ”Лепш бы я дома мульцікі паглядзела”.
Дарэчы, артысты папярэдзілі пра папраўкі ў праграме і далі аб’яву ў раённай газеце: цыркавое прадстаўленне прадугледжвала дрэсіраваных жывёл, кітайскія кольцы і многае іншае. Але ўсяго абяцанага на сцэне не было.
Чаму такі інцыдэнт здарыўся ў Шуміліне? З такім пытаннем мы звярнуліся да дырэктара раённага цэнтра культуры М. І. Прохаравай. “Нам патэлефанавала дзяўчына, якая прадставілася адміністратарам прыватнага мінскага цырка “Сірыус”, – кажа Марына Іванаўна. – Такі цырк выступаў у нас неаднойчы, таму ніякіх падазрэнняў прапанова не выклікала. Фірма даслала нам свой статут, праграму выступленняў, якая была многаабяцальнай. Дамовіліся на дзве грымёркі, бо павінна было прыехаць 8 артыстаў. Але пасля выступлення аднаго клоуна ўсе былі ў шоку. Як высветлілася потым, дырэктар цырка “Сірыус” і не ведаў, што нейкія артысты з Магілёўскай вобласці выступаюць пад чужой афішай”.
Непрыемная сітуацыя. А гледачы пытаюцца: “Ці вернуць нашы грошы?”  Як паведаміў рэдакцыі ўпаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі РАУС А. П. Спірыдонаў, вядзецца расследаванне гэтай справы, і больш падрабязныя каментарыі ў раённую газету міліцыянеры дадуць крыху пазней. “Грошы за білеты знаходзяцца на нашым рахунку, – кажа Марына Іванаўна. – Мы не заплацілі ілжэартыстам абяцаныя 80%, чакаем, як вырашыцца справа. Тым не менш мы просім прабачэння ў шумілінскіх гледачоў за такі казус. Больш таго, мы тэлефануем у Дамы культуры суседніх раёнаў і папярэджваем, каб яны не сталі ахвярай такіх махляроў”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



2 комментария по теме “«А клоуна забрали в РОВД»

  1. Засталіся пытанні. Няўжо М. Прохаравай нельга было праверыць дакумент у магілёўскага махляра? Што мы, лохі? А можа мы і хочам быць ашуканымі? Такімі дурнямі… Зайцава напісала артыкул бяззуба, нецікава. А можна было, каб сорам прабраў, каб больш не захацелася карміць землякоў сурагатам. Можна было больш сатыры. Няўдала.

  2. В данной ситуации должны разобраться соответствующие органы. В отношении М.И. Прохоровой, все процедуры действий центра культуры были соблюдены. Статья Л.Зайцевой написана корректно.Поэтому давайте не будем критиковать культуру, а мобилизуем свои действия как потребителей к разного рода гастролерам(ведь можно сделать антирекламу конкретному «клоуну», указав его фамилию и описав «представление»).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *