ШУМІЛІНШЧЫНА Ў ВАЙНЕ 1812 ГОДА
Ар’ергардныя баі на віцебскай дарозе
13 (25) ліпеня Дохтураў адышоў у Полцева, пакінуўшы ў Курылаўшчыне ар’ергард генерал-лейтэнанта Палена. Пален адступіў на тры вярсты ад месца злучэння Вялікай віцебскай дарогі з дарогай на Бешанковічы. У Курылаўшчыне (ці Цешлавічах?) пакінулі атрад пад кіраўніцтвам камандзіра Сібірскага драгунскага палка палкоўніка барона К. А. Крэйца ў складзе батальёна 40-га егерскага палка маёра Букінскага, Сібірскага драгунскага, Марыупальскага гусарскага палкоў і чатырох пешых гармат.
Крэйц адправіў ў бок Бешанковічаў разведку з двух эскадронаў марыупальцаў, а батальёну Букінскага з гарматамі загадаў умацавацца на дарозе. Батальён прайшоў па дарозе пяць вёрст і (ў раёне маёнтка Міткавічы каля Крывога Сяла) сутыкнуўся з 4-ма французскімі кавалерыйскімі палкамі. Французы разбілі гусараў і акружылі батальён. Але Букінскі пастроіў батальён у карэ, паспяхова адбіў атакі і прабіўся да сваіх разам з гарматамі, страціўшы двух забітых і 18 параненых.
У месцы злучэння дарог (у Цешлавічах?) адбылася сутычка атрада Крэйца з французамі, у якой вызначыўся Марыупальскі гусарскі полк, захапіўшы 60 французаў у палон. Атрад адступіў на Віцебск, паспяхова адбіваючы атакі французаў.
Тым часам, Дохтураў, спяшаючыся ў Віцебск, пакінуў у Полцеве атрад пад камандаваннем маёра Марыупальскага гусарскага палка Клічкі ў складзе 1-га Бугскага казацкага палка і двух эскадронаў Марыупальскага і Сумскага гусарскіх палкоў. Тут адбылася апошняя кавалерыйская сутычка ў гэты дзень, у якой быў забіты маёр Клічка. У гэтай сутычцы ўдзельнічалі лейб-гвардыі Казацкі полк і гвардзейская Чарнаморская сотня, якіх прыслаў Арлоў-Дзянісаў, даведаўшыся пра бой і гібель Клічкі. Лейб-казакі паспяхова прыкрывалі адыход атрада да Віцебска.
У гэты час з Віцебска на разведку па левым (Бешанковіцкім) беразе быў пасланы генерал Астэрман-Талстой , які сутыкнуўся з французскімі войскамі пад камандаваннем Мюрата. 13 (25) ліпеня паміж імі адбылася бітва ля вёскі Астроўна, якая стала першым боем за Віцебск. Корпус графа А. І. Астэрмана-Талстога ўвесь дзень стрымліваў французскія войскі і толькі ўвечары адышоў да вёскі Кукавячына. 14 (26) ліпеня адбылася бітва каля вёсак Кукавячына і Камары, у якой Астэрмана змяніла дывізія генерал-лейтэнанта Канаўніцына, даўшы магчымасць рускім войскам умацавацца на правым беразе Лучосы. 15 (27) ліпеня на рацэ Лучоса ар’ергард генерал- лейтенанта П. П. Палена стрымліваў французаў днём, а ноччу паліў вогнішчы на месцы размяшчэння рускай арміі, якая пачала адыход. Гэтыя бітвы замарудзілі прасоўванне французаў і дазволілі рускім войскам арганізавана адыйсці да Смаленска.
Партызанскія дзеянні
Партызанамі ў 1812 годзе называлі атрады рэгулярнай арміі (звычайна кавалерыйскія: казакаў, гусараў), якія дзейнічалі ў тылу ворага асобна ад асноўных сіл: нападалі на варожыя гарнізоны, фуражыраў, перашкаджалі забеспячэнню ворага харчаваннем і фуражом.
Такія «лятучыя» атрады пастаянна дзейнічалі ад Асобнага корпуса Вітгенштэйна. Таксама быў пакінуты Асобны кавалерыйскі (партызанскі) атрад генерала барона Ф. Ф. Віценгеродэ, які прыкрываў дарогі з Віцебска на Вялікія Лукі і на Смаленск. Дарэчы, ён лічыцца першым партызанам вайны 1812 года. Атрад Віценгеродэ вёў актыўныя партызанскія дзеянні вакол Віцебска. Лятучыя групы неаднойчы падыходзілі да Віцебска і бралі палонных і “языкоў”. У ходзе налёту 7 (19) жніўня на ўскрайку Віцебска ў палон былі захоплены адразу 800 французаў. Пасля гэтага Віцэнгеродэ паслаў Данскі казацкі полк палкоўніка М. І. Радзіёнава 2-га да атрада Вітгенштэйна. Пазней атрад адышоў у Смаленскую і Маскоўскую губерні.
Палкоўнік Радзіёнаў па дарозе на Гарадок разбіў некалькі варожых партый, а 9 (21) верасня ў Казьянах разграміў даволі значны атрад французаў і праследаваў яго на працягу 7 вёрст. Былі захоплены ў палон больш за 180 чалавек, у тым ліку 1 штаб-афіцэр, 4 обер-афіцэры, забіта больш за 300 варожых салдат. Рускія ж згубілі 9 забітых і 35 параненых. Было захоплена 5 тысяч чвэрцяў мукі і аўсу, больш за 1000 печаных хлебаў, 40 бочак віна і 100 асобін жывёлы. З-за адсутнасці павозак акрамя жывёлы і хлеба ўсё было знішчана.
Яшчэ адзін бой у Казьянах адбыўся 4 (16) кастрычніка. Камандзір пецярбургскага апалчэння генерал-маёр І. М. Бегічаў паслаў з Невеля атрад пад камандаваннем генерал-маёра І. І. Аляксеева праз Гарадок, Казьяны, Обаль на Гараны, дзе трэба было пабудаваць пераправы праз Дзвіну. У Казьянах Аляксееў сустрэў французскі атрад генерала Мезона ў складзе 2000 пяхоты і 1500 кавалерыі, атакаваў яго і гнаў за Казьяны 15 вёрст па Полацкай дарозе.
Сялянскае супраціўленне
Што тычыцца масавага супраціўлення мірнага насельніцтва французам, то гэтая з’ява больш характэрная для Смаленскай і Маскоўскай губерняў. На Беларусі і, у прыватнасці, на Віцебшчыне сяляне аказвалі супраціўленне фуражырам як французскай, так і рускай армій. Данясенні аб нападзенні сялян на фуражыраў ёсць у ваенных архівах і Расіі, і Францыі.
На Віцебшчыне сяляне давалі адпор французскім марадзёрам, а таксама армейскім фуражырам, якія бясконца праводзілі рэквізіцыі, нарыхтоўкі. Прыходзілася адпраўляць фуражыраў пад узмоцненай аховай. Ёсць звесткі, што ў Казьянах стаяў французскі атрад з 2000 салдат для аховы фуражырных каманд, якія дзейнічалі ў мясцовасці.
Французы так згаладаліся падчас наступлення, што пачалі рабаваць беларускія гарады і вёскі адразу ж. Дэлегацыя ад віцебскіх жыхароў звярталася асабіста да Напалеона, каб спынілі марадзёрства, але парадак не ўдавалася навесці, нягледзячы на расстрэлы марадзёраў. Увосень французскія фуражыры ператварыліся ў сапраўдных рабаўнікоў. Яны забіралі ўсё, пры супраціўленні сялян забівалі, палілі цэлыя вёскі, забівалі нават сваіх афіцэраў, калі тыя спрабавалі спыніць марадзёраў.
Да таго ж, скарыстаўшыся безуладдзем, сяляне пачалі нападаць на панскія маёнткі, рабавалі і палілі іх. Адзін з кіраўнікоў французскай адміністрацыі ў Віцебску маркіз А. дэ Пастарэ ўспамінае, што “дваранства ў губерні звярталася да самога імператара з прашэннем спыніць сялянскія хваляванні. Напалеон загадаў ваеннаму губернатару Шарпанцье высылаць лятучыя атрады для падаўлення сялян, якія жорстка распраўляліся з непакорнымі. Памешчыкі сем’ямі выязджалі ў Віцебск пад ахову французскага гарнізона”.
Вызваленне Полацка і Віцебска
Калі галоўныя сілы французскай арміі пайшлі да Масквы, актывізаваліся рускія войскі ў раёне Полацка. Граф Вітгенштэйн пачаў рыхтаваць наступленне на Полацк. Да яго накіроўвалася падтрымка ў выглядзе фінляндскага корпуса генерал-лейтэнанта Штэйнгеля, які ішоў ад Рыгі, і калона генерал-маёра І. М. Бегічава, ўзмоцненая пецярбургскім і наўгародскім апалчэннямі – ад Вялікіх Лук.
6-7(18-19) кастрычніка пасля ўпартых баёў (загінула каля 8000 рускіх і 6000 французаў) Полацк быў вызвалены. Адціснуўшы ворага ў бок Сянно, Чарэі, Чашнікаў і ўмацаваўшыся на рацэ Ула, Вітгенштэйн вырашыў выканаць дадзенае Аляксандрам I заданне па вызваленні Віцебска. Для гэтага 25 кастрычніка (6 лістапада) ад Бешанковіч па абодвух берагах Дзвіны быў пасланы атрад генерал-маёра В. І. Гарпе. На наступны дзень атрад падышоў да Віцебска па Полацкай і Астравенскай дарогах і зранку нечакана для французаў напаў на каравулы. Каравул на полацкай заставе адступіў за Дзвіну і падпаліў за сабой мост. Але мост патушылі і пасля кароткага бою французаў з Віцебска выбілі.
На гэтым баявыя дзеянні на Шуміліншчыне закончыліся. Асноўныя баі паступова змясціліся ў бок Смаленскай дарогі, па якой адступала з Масквы французская армія.
Наступствы вайны
Падлічыць канкрэтныя страты ад вайны на тэрыторыі нашага раёна немагчыма.
Тым не менш, аб агульных стратах можна меркаваць па наступных лічбах: па рэвізіі (перапісу сялян) 1811 года ў Віцебскай губерніі было 352 474 жыхары, а ў 1816 годзе – 315 481. Матэрыяльныя страты, якія панеслі жыхары толькі Віцебска, склалі 1 687 736 рублёў, дакладную лічбу вызначыць немагчыма, піша В. К. Дабравольскі («Витебская губерния в Отечественную войну 1812 года», Витебск, 1912 г.). Асабліва моцна пацярпелі Полацкі і Віцебскі паветы.
Знясільвалі сялян і рэкруцкія наборы. У Расіі існаваў парадак, пры якім раз у пяць гадоў у рэкруты на 25 гадоў забіралі маладых мужчын (у залежнасці ад ваеннай абстаноўкі аднаго-чатырох ад кожных 500 сялян-мужчын). У 1810 годзе Аляксандр I выдаў указ аб скасаванні залікаў рэкрутаў, якіх прызывалі ў 1715-1799 гадах. З верасня 1810 года па сакавік 1812 года былі праведзены тры прызывы, падчас якіх сумарна ў армію забралі 9 чалавек з 500. А з пачаткам вайны, у чэрвені 1812 года, быў аб’яўлены дадатковы рэкруцкі набор – па 5 рэкрутаў ад 500 сялян. За кароткі час ў армію забралі некалькі дзясяткаў тысяч сялян.
Памятныя месцы вайны на Шуміліншчыне
Пра падзеі 1812 года, якія адбываліся на Шуміліншчыне, можна меркаваць па тых звестках, што захаваліся ў народнай памяці. Мясцовым жыхарам добра вядомы французскія могілкі (на жаль, большасць з іх разрабавана яшчэ ў 70-80-я гады мінулага стагоддзя). Французскія магілы ёсць ва ўрочышчы Міткавічы каля Крывога Сяла, у раёне вёскі Сосніна. Ёсць інфармацыя пра французскія могілкі каля Амбросавіч, Полцева і Казьян. Усе яны якраз адпавядаюць месцам, дзе адбываліся ваенныя сутычкі ў 1812 годзе.
Літаратура.
Богданович М. «История Отечественной войны 1812 года по достоверным источникам» – т. 1 и т. 2, С-Пб, 1859, т. 3 С-Пб. 1860.
Бутурлин Д. «История нашествия императора Наполеона на Россию в 1812 году. Из официальных документов российского и французского генеральных штабов» – ч. 1 С-Пб., 1823, ч. 2, С-Пб., 1838.
Поликарпов М. П. «Боевой календарь-ежедневник Отечественной войны 1812 года» – М., 1913.
P.S. Выказваю падзяку стваральнікам сайта www.шумилинщина.рф і ўдзельнікам форуму за матэрыялы, якія былі выкарыстаны пры напісанні гэтага артыкула.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Интересно было бы найти в Полтево «французский камень», который вспоминают на месте захоронения кавалеристов Монбрена. Но до сих пор так никто не откликнулся. И еще пока не удается найти упоминания по церкви в Тешловичах, возможно вблизи нее и разворачивалось большое сражение за выход на Рижский тракт по направлению на Витебск.
Возможно будет интересно, что граница Шумилинского и Бешенковичского районов проходит в Стрелке фактически по земляным укреплениям 1812-го года, это так называемый «тет-де-пон» — предмостные укрепления, построеные французами для защиты моста через Двину. Местное название укреплений — Батарея или Французские Окопы. Там же сохранился купольный крест Николаевской церкви, уничтоженной пожаром 1812-го года, впоследствии восстановленной и разрушенной уже в начале 20- го века.
Эти укрепления неплохо видны на картах Google
Юрий ,как с вами можно связаться?