Выпускной вечер в «Образовательном центре для взрослых»

Образование Общество

Выпускны вечар “па-даросламу”
Паспяхова завяршыў сваю работу праект “Адукацыйны цэнтр для дарослых”, які працаваў на базе Цэнтра дзяцей і моладзі. Работа вялася ў  рамках вялікага праекта “Жывая гісторыя майго краю”, што фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і dvv international – інстытутам міжнароднага супрацоўніцтва Нямецкай Асацыяцыі народных універсітэтаў.
Шэсць тысяч еўра было ў ініцыятыўнай групы праекта для таго, каб рэалізаваць ідэі бесперапыннай адукацыі дарослых праз культуру, традыцыі, здабыткі, якімі багаты наш рэгіён. Неяк адразу знайшліся жадаючыя навучыцца вышываць, працаваць у тэхніцы батык, ствараць саламяныя шэдэўры ці лазовыя кошыкі, танцаваць. Па кожным накірунку прайшло па 12 заняткаў, на якія запісаліся каля 50 чалавек. Многія наведвалі па два-тры, а Т. П. Фамянок, да прыкладу, – адразу ўсе пяць гурткоў. Кожнаму ўдалося, па-першае, адкрыць у сабе здольнасці і таленты, пра якія раней і не здагадваліся,  па-другое, развіць іх, навучыцца рабіць нешта новае. Але ўсё ж самае галоўнае, упэўнена каардынатар праекта Валянціна Ба-дзешчанкава, тое, што людзі адчулі сваю значнасць, знайшлі сябе і адзін аднаго, забыліся на свой узрост, зноў сеўшы за парты.
1 сакавіка ў Цэнтры ладзілася свята з нагоды завяршэння работы праекта. Гэта быў сапраўдны выпускны вечар і па змесце, і па форме. Як і належыць любому прыстойнаму свецкаму мерапрыемству, усе яго ўдзельнікі з’явіліся ў прызначаны час прыгожа апранутыя і крыху ўсхваляваныя. Некаторыя прыйшлі ўсёй сям’ёй: бабулі, дзеці, унукі.
Дарэчы, самай дарослай удзель-ніцы праекта Алене Мікалаеўне Крупскай – 83 гады, а самаму малодшаму выхаванцу Цэнтра наогул – усяго тры. Уявіце, што гэта розніца паміж ахвочымі тварыць і развівацца ніколькі не перашкаджала іх актыўным узаемінам: калі заняткі ў дарослых па праекце ўжо скончыліся, а жанчыны не паспелі нешта дарабіць, то яны прыходзілі і сядзелі на занятках разам з дзецьмі. Ну, хіба гэта не выдатна?
“Студэнты” атрымалі сертыфікаты аб заканчэнні “вучобы”, была арга-нізавана выстава  творчых работ “маладых” майстроў, наведаўшы якую дужа складана ўявіць, што яшчэ тры месяцы назад большасць аўтараў і пэндзліка ў руках не трымала.  Выкладчыкі Цэнтра арганізавалі для сваіх студэнтаў святкаванне Масленіцы з забавамі, конкурсамі і застоллем з блінамі і іншымі прысмакамі. Яны спявалі, танцавалі, бавілі час за анекдотамі, выказвалі ўдзячнасць выкладчыкам за такое плённае супрацоўніцтва, вельмі прасілі, каб дзверы ўстановы для іх не зачыняліся, бо ўявіць жыццё без такіх вось сустрэч яны цяпер ужо не могуць. “Канешне, мы таксама вельмі хочам працягваць гэту работу і прапануем лідарам аб’яднанняў узначаліць той ці іншы накірунак. Месца для сустрэч мы з радасцю прадаставім. Пакуль плануем збірацца раз у месяц на пасяджэнне клуба “Рукадзельніца”, каб у нашых майстрых была магчымасць прыйсці за кансультацыяй. Мы ж ведаем, што яны актыўна працуюць і дома, закупілі для гэтага ўсе неабходныя матэрыялы. Магу з упэўненасцю сказаць, што яны створаць яшчэ шмат чаго незвычайнага і прыгожага. І ў іх ужо дакладна не ўстане  праблема з падарункамі сваім блізкім да свята”, – кажа Валянціна Бадзешчанкава.
За выдзеленыя грошы ў Цэнтры абсталявалі кабінет: закупілі мэблю, магнітную дошку, жалюзі, нават, некалькі сервізаў для чаявання (без гэтага не абыходзілася ніводная пасядзелка).
Зараз выпускаюцца інфармацыйныя буклеты і метадычныя брашуры, якія раскажуць пра работу праекта. Там будуць надрукаваны адукацыйныя праграмы кожнага гуртка, майстар-класы, інфармацыя з гісторыі развіцця таго ці іншага рамяства на Шуміліншчыне. Гэта можа быць карысна і педагогам, і работнікам культуры, можа сыграць важную ролю для развіцця рэгіёна наогул.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №19 ад 11.03.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *