Вадзіцельскія правы чужаземца
Нярэдка ў наш раён на сваіх аўтамабілях прыязджаюць жыхары іншых краін. Як таго патрабуе закон, яны афармляюць на пэўны перыяд від на жыхарства. І працягваюць карыстацца вадзіцельскімі правамі замежнай краіны. Але на працягу якога перыяду гэтыя правы лічацца сапраўднымі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь? Пытанні такога кшталту паступілі падчас “прамой лініі” да начальніка ДАІ РАУС М. У. Гаралевіча.
“На тэрыторыі Беларусі жыхар іншай краіны мае права карыстацца сваімі вадзіцельскімі правамі толькі на працягу трох месяцаў, – кажа Мікалай Уладзіміравіч. – Затым замежнаму грамадзяніну, які атрымаў від на жыхарства, варта атрымаць беларускія вадзіцельскія правы. Гэта значыць, трэба ехаць у абласную дзяржінспекцыю ДАІ, здаваць Правілы дарожнага руху і ваджэнне. У адваротным выпадку пагражае штраф ад 5 да 20 базавых велі-чынь”.
Дарэчы, такія штрафы ў мінулым годзе заплацілі шэсць чалавек. І сёлета ў раёне зарэгістравана адно такое правапарушэнне: у аграгарадку Светласельскі быў затрыманы жыхар Расійскай Федэрацыі, у якога адсутнічала страхавое пасведчанне на машыну, вадзіцельскія правы былі несапраўдныя, бо расіянін знаходзіўся на Шуміліншчыне больш за тры месяцы. Магчыма, не ведаў, што яму трэба атрымаць беларускія правы. Але ж, як кажуць, няведанне закона не вызваляе ад адказнасці. На мужчыну складзены адміністрацыйны пратакол, яму прыйдзецца заплаціць штраф 2 мільёны 600 тысяч рублёў. У выпадку паўторнага такога ж правапарушэння на працягу года пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічынь.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №19 ад 11.03.2014 г.