Коммунальщики наводят порядок на сельских кладбищах

Общество Сельское хозяйство

А на могілках не спакойненька…
Да могілак у чалавека асаблівае стаўленне – святое ж месца.
Вядома, святым гэтае месца бывае не ў кожнага (ці мала могілак запушчаных, занядбаных не па-людску?!), тым не менш  калі дрэва вырастае да такіх памераў, што крышыць надмагільную пліту, помнік – людзі б’юць у званы. Турбуюць перш за ўсё мясцовыя ўлады, просяць: “Дапамажыце!”
Не адзін год мінуў, як нарадзілася праблема. Некалькі гадоў запар на сустрэчах падчас правядзення дзён работы з насельніцтвам гэта пытанне стаяла балюча. А як спілаваць тоўстае дрэва на могілках? Даводзілася выклікаць прамысловых альпіністаў, якія залазілі наверх і спілоўвалі цуркамі дрэва зверху. Клопатная справа, што і казаць. І плацілі альпіністам вялізныя грошы.
Праблема з аварыйнымі дрэвамі на могілках (і не толькі – наогул у вёсках, на нечых сядзібах) трохі аціхла, але не рашылася. Прыйшоў час арганізавана наладзіць работу па добраўпарадкаванні могілак. Справу даручылі УП ЖКГ, і камунальнікі ўзяліся за работу. Раней гаворка вялася пра тое, хто пасадзіў ля могілкі дрэва – сваякі нябожчыка ці яно вырасла само. Калі сваякі – павінны спілоўваць дрэва за свае грошы. Сёння такой гаворкі, такіх апытанняў ніхто не вядзе. Намеснік дырэктара УП ЖКГ У. П. Воранаў у размове расказаў, што ўвесь мінулы тыдзень рабочыя камунальнай службы працавалі на могілках Стралкі, што на Каўлякоўшчыне. Там прайшла хваля непагадзі, ветру-буралому, які нарабіў нямала шкоды.
На чарзе, па ўсім відаць, могілкі ў вёсках Грабніца, Андрэеўка, Новае Барсучына, іншыя. Усюды адна праблема – дрэвы, якія рэальна пагражаюць жыццю чалавека. Іх трэба спілаваць. Дарэчы, робіцца гэта напярэдадні вялікіх царкоўных святаў – Вялікадня і Радаўніцы. А ўвогуле па праграме навядзення парадку на могілках, наогул у вёсках і мястэчках раёна камунальнікі павінны будуць выканаць немалыя аб’ёмы работ. Пакуль што ідуць на гэта, як сказаў У. П. Воранаў, сродкі выключна свае, з “казны” камунгаса.
Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў №19 ад 11.03.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *