О планах проведения Года гостеприимства в Шумилинском районе

Актуалии Край шумілінскі

Пра сядзібы, карту і чэмпіянат свету
Бягучы год абвешчаны ў нашай краіне Годам гасціннасці. Адной з падстаў стала тое, што сёлетняй вясной наша краіна будзе сустракаць дзясяткі тысяч аматараў лядовых баталій, якія прыедуць у Мінск на чэмпіянат свету па хакеі. Не абыдзецца і без адпачываючых, якім падабаюцца нашы санаторыі, без турыстаў, якіх вабяць беларускія азёры і рэкі, пушчы і замкі, баявыя і гістарычныя мясціны. Наша краіна знаходзіцца на скрыжаванні многіх дарог і шляхоў, таму многія праязджаюць яе транзітам.
Сустракаць гасцей збіраецца ўся краіна. Пра тое, што плануецца зрабіць у нашым раёне ў рамках Года гасціннасці, расказалі ў ад-дзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
План мерапрыемстваў па правядзенні Года гасціннасці, распрацаваны ў аддзеле, уключае як традыцыйныя  мерапрыемствы, так і спецыяльна прымеркаваныя да Года гасціннасці. Па традыцыі ў нашым раёне пройдуць турыстычныя злёты для вучняў і працуючай моладзі. Пройдуць спартыўныя турніры па грэка-рымскай барацьбе, валейболе, на якія заўжды прыязджаюць спартсмены з многіх рэгіёнаў Беларусі і Расіі. На базе аграсядзібы “Обальскія катамараны” ўжо ў трэці раз пройдзе філасофска-практычная канферэнцыя “Ад арыяў да русаў”, на якую з’язджаюцца госці з многіх гарадоў Расіі, Украіны, Беларусі.
Шмат мерапрыемстваў пройдзе ў школах раёна: экскурсіі, “Зорныя паходы”, падарожжы, спартыўныя спаборніцтвы, святы і іншыя. Галоўная мэта – пазнаёміць школьнікаў з гістарычным, прыродным, культурным багаццем Бацькаўшчыны.
2014 год – год, у якім святкуецца 90-годдзе з дня утварэння раёна (17 ліпеня) і 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (3 ліпеня).  Таму ў планах шмат мерапрыемстваў, прысвечаных гэтым знамянальным датам.
Ёсць прыемная навіна для аматараў турыстычных паходаў: да Года гасціннасці прымеркаваны выхад “Турыстычнай карты Шумілінскага раёна”.
Не застанецца ў баку наш раён і ад чэмпіянату свету па хакеі. Па-першае, – Шумілінскі раён транзітны для многіх балельшчыкаў, якія будуць ехаць з Расіі ў Мінск. Па другое, што такое  200-250 км па добрых дарогах для гарачых прыхільнікаў гульні, а калі ўявіць, як падскочаць цэны на жыллё ў Мінску і наваколлі, які будзе дэфіцыт жылля – Шумілінскі раён выглядае нядрэнным варыянтам для размяшчэння. На афіцыйным сайце райвыканкама размешчана інфармацыя пра ўсе магчымыя месцы пражывання, у тым ліку і пра аграсядзібы нашага раёна, паслугі па пражыванні балельшчыкаў мяркуе прадастаўляць ДАЦ “Дружба” ў Амбросавічах.
З мэтай развіцця “індустрыі гасціннасці” ў нашым раёне асноўны ўпор у развіцці турысцкай базы робіцца на аграсядзібы, бо колькасць прыхільнікаў адпачынку “на прыродзе” расце. У планах аддзела арганізаваць семінар-практыкум па асаблівасцях работы пры аказанні турыстычных паслуг на базе аграсядзібы В. П. Зянькова “У Пятровіча”.
Цудоўнае месца адпачынку створана ў Шумілінскім лясгасе.  “Дом паляўнічага” варты таго, каб яго рэкламаваць, бо там створаны ўсе умовы як для паляўнічых, так і проста для аматараў адпачынку на прыродзе.
Што датычыцца цікавых турыстычных маршрутаў, то нават для жыхароў нашага раёна будуць цікавыя распрацаваныя маршруты.  Маршрут “Дарогамі вайны”  праходзіць па месцах баявых дзеянняў, па партызанскіх мясцінах нашага раёна праз Тропіна, Мішневічы, Казьяншчыну, дзе як вартавыя стаяць абеліскі на месцах спаленых фашыстамі вёсак, праз Обаль і Мікіціху.   Маршрут “Да Вялікага каменя” вядзе турыстаў па маляўнічых куточках раёна ад райцэнтра праз Лескавічы, Башні, Амбросавічы і возера Будавесць да вёскі Горкі, дзе знаходзіцца помнік прыроды “Вялікі камень”. Маршрут “Куткі запаведнай прыроды” дазволіць наведаць гідралагічны заказнік “Сосна”, Святую Пяценку ва ўрочышчы Казаногава, Казьянскі ландшафтны заказнік і Обальскае балота. “Обальскія катамараны” прапануюць вандроўкі па рацэ Обаль ад вёскі Шавекі да Заобалі.  Распрацоўваюцца і новыя маршруты, каб паказаць турыстам усе дзівосы шумілінскага краю.
Канешне, свае планы па правядзенні Года гасціннасці ёсць і ў іншых арганізацыях, ды і самі жыхары Шуміліншчыны сваёй шчырасцю і гасціннасцю будуць спрыяць паспяховаму правядзенню тэматычнага года.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №17 ад 04.03.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *