НЕ ТОЛЬКІ СМЕШНА, АЛЕ І ПРЫГОЖА
23 лютага ў раённым Цэнтры культуры за званне быць самымі дасціпнымі і знаходлівымі змагаліся каманды з Шуміліна і Рубы. Прычым для самадзейных артыстаў з Рубы гэта была першая спроба праявіць свае сілы ў жанры КВЗ. Адразу хочацца сказаць, што шумілінскія гледачы добра ведаюць народны тэатр мініяцюр “Кураж” пад кіраўніцтвам Іны Кліменкі, які пастаянна ўдзельнічае ў абласным свяце гумару “Смяяцца не грэх” у Шуміліне. Таму гасцей тут чакалі і ў спадзяванні на гарачае спаборніцтва раскупілі амаль усе білеты. Смешна стала ўжо ў той момант, як каманды выйшлі на сцэну для вітання. Аказалася, што ў камандзе з Рубы – толькі адзін мужчына, а ў шумілінцаў наадварот – адны мужчыны і ўсяго адна дзяўчына.
Тэма для спаборніцтваў была зададзена марская, і нашым гасцям удалося ад першага і да апошняга слова трымацца зададзенага курсу. Каманды прайшлі пяць этапаў гумарыстычных спаборніцтваў: візітка, конкурсы “Жарт за жартам” і танцавальны, таксама яны агучвалі ўрывак з фільма і паказвалі хатняе заданне.
Як і заўжды, трапнымі, лаканічнымі і ёмістымі былі жарты шумілінскай каманды, якая амаль поўнасцю складалася з артыстаў народнага тэатра мініяцюр “Буф” (рэжысёр Юрый Раманаў). Яны жартавалі пра жыццё, гэта было смешна і прыгожа. Надзвычай ярка праявіўся капітан каманды Аляксей Цімафееў.
Да самага апошняга моманту было незразумела, хто выйдзе пераможцам, бо сапернікі ішлі, што называецца, нос у нос, то адны вырываліся ўперад, то другія. З нязначнай перавагай перамаглі шумілінскія гумарысты. Дырэктар Дома культуры г. п. Руба Л. С. Зволінская ўзяла абяцанне з М. І. Прохаравай, дырэктара раённага Цэнтра культуры, прыехаць з канцэртам у Рубу 1 красавіка.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №15 ад 25.02.2014 г.