В районной комиссии по делам несовершеннолетних

Общество

“Дымнулі” на траіх “Монтэ-Карла” і… пагарэлі
Сёння кураць і хлопцы і дзяўчаты. Так-так, і дзяўчаты: ім у пэўнай кампаніі не сорамна за тое, што сядзіць каторая, закінуўшы нагу за нагу, з доўгай цыгарэтай у тонкіх дзявочых пальчыках. Яна адпачывае, яна расслабляецца. Не ведаю, як цалуюць яе пасля выкуранай цыгарэты тыя хлопцы, хто не бярэ цыгарэту ў рот. Брыдка ж і агідна!..
Ды мы не пра дзяўчат – пра хлапечае племя, якое смакуе цыгарэту ў самыя, даруйце, саплівыя гады. Быў такі грэх і ў вашага пакорнага слугі. Узяўся курыць у пятым класе. Вядома ж, за кампанію, хацелася, як сёння многія кажуць, паспрабаваць, што гэта такое і з чым яго ядуць. Курыў, пакуль бацька не згледзеў, што таяць, як снег па вясне, цыгарэты  з яго пачка. Ён не стаў “гуляць” у дэмакратыю, ён проста ўзяў у рукі дзягу і адскабліў ёю па голаму азадку. Помню, маці плакала, ратуючы мяне ад бацькавай папругі. Аднак той дзень я помню і сёння – дзень, калі ў адну хвіліну адвучылі мяне курыць.
Сёння такой экзэкуцыі ніхто не дапусціць: не дазваляюць законы, не дазваляюць правы дзіцяці.  А раз на бацькаву папругу  выйшла забарона, пагаворым пра тое, як можна нават самае горкае дзіця адвучыць ад такой брыдкай і згубнай звычкі, як курэнне.  Хаця і гэта не панацэя, тым не менш урокам для курцоў, напэўна, стане.
Паводзіны трох вучняў старэйшых класаў адной з сярэдніх школ раёна сталі прычынай прыезду да іх раённай  камісіі па справах непаўналетніх. Для таго, каб “праборка” курцоў (на пасяджэнне камісіі былі запрошаны і іх бацькі) не мела “лакальны” характар, у залу запрасілі  вучняў старэйшых класаў школы. Няхай паслухаюць, карысна!
Пасяджэнне вядзе намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Вось устае высокі прыгожы юнак – адзін з віноўнікаў “свята”. “Я не курыў, – упарціцца ён. –Я выйшаў падыхаць свежым паветрам…” Не верыцца, тым больш, што  да гэтага, па гарачых слядах, апыталі двое ягоных таварышаў па “няшчасці”. Тыя прызналіся: курылі ўтрох. Як жа быць?
Камісія – не следчыя органы, аднак усё ж удаецца зламаць упартасць 11-класніка. Аказалася, у той памятны  дзень яны ўтрох пасля чацвёртага ўрока выйшлі, каб “дымнуць”, выкурыць адну цыгарэту “Монтэ-Карла” на траіх.  Ведалі ж усе трое, што нельга курыць у многіх грамадскіх месцах, а вучням школы і наогул гэта рабіць забаронена.
Другі юнак, Улад – з мнагадзетнай сям’і. Ён захапляецца спортам, але трапіў, па словах педагогаў, пад уплыў больш “аўтарытэтнага” Эдуарда з 11 класа, які ў жніўні 2013-га “пагарэў” ужо на піве. Не абышлося без уплыву Эдуарда і ў Дзяніса, які вучыцца ў 9-ым. Праўда, апошні, відаць, хлопец бесхарактарны (яго павялі, ён і пайшоў, прабачце,  як цяля), хаця і мае сваё кола сяброў.
Вось такія кароткія “дасье” на хлопцаў, якім адвялі ў актавай зале школы месцы на першым, “штрафным” радзе. У іх за спінай сядзелі матулі, яны перажывалі, ім было – гэта чыталася на тварах – вельмі няўтульна, было вельмі балюча за сваіх “чадаў”.  Эдуард і Улад па ўзросце ўжо могуць і абавязаны самі трымаць адказ за ўчынкі, за Дзяніса адміністрацыйнае пакаранне атрымала яго маці. Усе яны аштрафаваны.
Закрываючы пасяджэнне, А. М. Зайцаў узняў уверх тоўсты стос папер  і занепакоена сказаў:
– Бачыце, колькі спісана паперы?! І гэта каб пакараць трох хлопцаў за адну выкураную цыгарэту “Монтэ-Карла”…
Хочацца верыць, што ўрок усё ж пойдзе ім на карысць.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №15 ад 25.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *