Выбираем подарок для мужчины

Общество

Падарунак для мужчыны?
Напярэдадні 23 лютага гэтае пытанне нязменна паўстае перад прадстаўніцамі прыгожай паловы чалавецтва нашай краіны любога ўзросту. Час у запасе яшчэ ёсць, таму ў тых, хто яшчэ не прыхаваў у шафе падарунак для свайго мужчыны, ёсць шанс выбраць цікавы падарунак. Вядома, усім нам хочацца, каб падарунак быў арыгінальным, запамінальным і, па магчымасці, нешта сімвалізаваў. Тут складаней за ўсё тым парам, якія пражылі разам ужо шмат год і перадарылі адзін аднаму, здаецца, усё.
Адразу дамовімся не ўспамінаць пра нешта, звязанае са сродкамі гігіены, шкарпэткамі і матрацамі для новага ложка (таксама не падыходзяць пасцельная бялізна, сурвэткі, люстры і ўсё астатняе, што вы даўно збіраліся купіць у дом, але не знаходзілі падыходзячай нагоды). Падарунак павінен быць адрасаваны толькі Яму.  Напрыклад, такі:
1. Арганізуйце рамантычны вечар (сёлета 23 лютага выпала на выхадны, а значыць, разам можна правесці цэлы дзень). Святочная вячэра, білеты ў тэатр, кіно ці на канцэрт. Можна і дома паглядзець кіно ці, яшчэ лепш, хакей.
2. Візітоўніца, прыгожая ручка, штотыднёвік, у скураным пераплёце, партфель і іншыя аксесуары падыдуць для дзелавога мужчыны. Яны павінны быць рэдкімі ці арыгінальнымі.
3. Кніга. Падабраць варыянт можна для кожнага без выключэння, незалежна ад статусу ці роду заняткаў. Гэта можа быць любая энцыклапедыя, жыццеапісанні вядомых людзей, нават кніга пра смачную і здаровую ежу – галоўнае, ведаць інтарэсы свайго мужчыны.
4. Любыя дасягненні тэхнічнага прагрэсу і інфармацыйных тэхналогій. Падыдзе ўсё – ад флэшкі да электроннай кнігі ці навігатара.
5. Мадэль чыгункі, верталёт на пульце кіравання і іншае, што прадаецца ў аддзеле для дзяцей – усё тое, што ён і сам хацеў сабе купіць, але, напэўна, саромеўся.
6. Адмысловыя прылады для аўто (вы, напэўна, не раз сумняваліся ў тым, каго ён больш любіць), рыбалкі ці нейкага іншага яго самазабыўнага захаплення.
7. Рэдкі гатунак чаю ці кавы. Прыгожа запакаваны.
8. Падпіска на мужчынскі часопіс.
9. Дарагі каньяк. Дарыць можна абсалютна любому мужчыну.
10. А хто адмяняў падарунак, зроблены сваімі рукамі. Звяжыце яму шалік, шапку, пашыйце дамашнія штаны, зрабіце паштоўку. Яму будзе прыемна, што вы стараліся, нават, калі шэдэўр у вас не атрымаецца.
Канешне, 23 лютага мы віншуем не толькі сваіх каханых, але і калег па рабоце, татаў. Але тут – усё прасцей. Сёе-тое можна выбраць і з прыведзенага вышэй спісу. Бацьку падарыце хатнія тапкі ці махровы халат, а калегу – дыванчык для мышкі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №14 ад 21.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *