Валейбол
У другім туры Дзіцячай валейбольнай лігі за перамогу змагаліся каманды з Мінска (два саставы), Брэста, Гомеля, Магілёва, Віцебска і Шуміліна. Гонар нашага раёна абаранялі Антон Сілін, Яўген Цырулік, Уладзіслаў Шэкін, Ілья Пальвінскі, Ілья Шніпаў, Ягор Пальвінскі, Яўген Дубавец, Андрэй Нячай, Антон Сушынскі, Віталь Воранаў, Аляксандр Красікаў і Мікіта Паўлікаў, трэніруе каманду Аляксей Паршыкаў. На турніры ні адна з каманд не абышлася без пройгрышаў. Як вынік – пераможцу вызначалі па выйграных і пройгрышных партыях. І гэта розніца была лепшай у нашых землякоў, якія і сталі пераможцамі спаборніцтваў. Асабліва хочацца выдзеліць Віталя Воранава, які вельмі ўдала дэбютаваў на прадстаўнічым турніры.
* * *
У Наваполацку прайшоў міжнародны валейбольны турнір сярод дзяўчат, прысвечаны памяці воінаў-афганцаў Віцебскай вобласці. За перамогу спаборнічалі беларускія (Гродна, Віцебск, Наваполацк і Шуміліна) і расійскія (Невель, Вялікі Ноўгарад) каманды. Зноў парадавала каманда нашага раёна. Юныя валейбалісткі (Вераніка Несцярэнка, Ірына Варанцова, Юлія Фомчанка, Ірына Пяткевіч, Віталія Масько, Карына Пяткевіч, Кацярына Лемешава, Аліна Ягорава і Анастасія Бядрыцкая; трэнер Людміла Харкавец) прадэманстравалі яркі і прыгожы валейбол. Каманда нашага раёна заняла другое выніковае месца, лепшым іграком каманды назвалі Ірыну Варанцову. Медалі, дыпломы і каштоўныя падарункі уручаў прызёрам спаборніцтваў сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў Вадзім Дзевятоўскі (на здымку).
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №14 ад 21.02.2014 г.