Медики подвели итоги работы в 2013 году. Главная задача – «свести демографические ножницы»

Актуалии Здоровье

Галоўная задача – “звесці дэмаграфічныя нажніцы”
Люты-сакавік – традыцыйныя месяцы, калі адбываецца падвядзенне вынікаў работы за папярэдні год, ставяцца задачы на бягучы. У Шумілінскай ЦРБ адбылося пасяджэнне медыка-санітарнага савета раёна з азначаным парадкам дня. У рабоце савета бралі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў і намеснік начальніка абласнога ўпраўлення аховы здароўя М. Л. Вішнявецкі.
Галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ К. Ф. Баканаў расказаў, што ў сістэме аховы здароўя раёна працуюць цэнтральная раённая бальніца на 99 ложкаў (94 – стацыянарныя і 5 – дзённага знаходжання пацыентаў), 1 участковая бальніца, 1 бальніца сястрынскага догляду, 4 урачэбныя амбулаторыі, 15 ФАПаў. На захаванне здароўя жыхароў раёна працуюць 468 работнікаў, у тым ліку 47 урачоў (з іх 13 – пенсіянеры), 197 работнікаў сярэдняга медыцынскага персаналу. У 2013 годзе на работу ва ўстанову прыйшлі 3 урачы, 20 сярэдніх медработнікаў. Але праблема кадравага забеспячэння па-ранейшаму не вырашана – у бальніцу патрэбны 9 вузкіх спецыялістаў – афтальмолаг, эндакрынолаг, урач функцыянальнай дыягностыкі, тэрапеўт, акушэр-гінеколаг і іншыя. Дзякуючы падтрымцы раённых уладаў, станоўча вырашаецца пытанне з жыллём для маладых медыкаў, але маладыя спецыялісты ўсё адно не затрымліваюцца.
Магчыма, пытанне вырашыцца ў будучым, калі пачне прыходзіць шумілінская моладзь (цяпер у медыцынскіх установах вучыцца 48 студэнтаў-шумілінцаў).
Канстанцін Фёдаравіч спыніўся на фінансаванні медыцынскай галіны: за мінулы год выдаткавана 34,35 мільярда рублёў. Выдаткі на 1 жыхара складаюць 115% да нарматыву, сабекошт 1 ложка/дня складае 344,5 тысячы рублёў.  У мінулым годзе каля 200 мільёнаў рублёў пайшло на набыццё сучаснага медыцынскага абсталявання, актыўна працягваецца рамонт аддзяленняў цэнтральнай бальніцы.
Галоўны ўрач раёна прааналізаваў медыцынскія паказчыкі работы. Так, у 2013 годзе смяротнасць склала 7,4 праміле (ў 2012 – 11). Сярод прычын смяротнасці на першым месцы – хваробы сістэмы кровазвароту (памерла 152 чалавекі, з іх 23 – у працаздольным ўзросце), далей ідуць анкалагічныя захворванні (46 (12)), знешнія прычыны (45 (29)), ад старасці памерлі 99 чалавек. Смяротнасць па-ранейшаму застаецца вышэй, чым нараджальнасць. Таму трэба шукаць рэзервы яе зніжэння за кошт правядзення прафілактычных медыцынскіх аглядаў, ранняга выяўлення захворванняў, выкарыстання сучасных метадаў дыягностыкі і іншых.
За мінулы год захворваемасць з часовай стратай працаздольнасці склала 833,4 дня на 100 працуючых (у 2012 – 823,4). “Рэкардсменамі” з’яўляюцца райспажыўтаварыства і ПМК-70, што зразумела, калі ўлічыць умовы працы ў гэтых арганізацыях.
Не губляе вастрыні праблема алкагалізацыі насельніцтва. На ўліку ва ўрача-нарколага стаіць 731 чалавек, з іх 5 падлеткаў, 212 жанчын. За год пастаўлены на ўлік 78, зняты — 17 чалавек. У псіхіятра на ўліку 459 чалавек, у мінулым годзе адбылося 8 суіцыдаў, з якіх большасць рабілася ў алкагольным стане.
У мінулым годзе хуткую дапамогу выклікалі 6457 разоў. Безвыніковых выклікаў было 121 (ў 2012 годзе – 91). У 170 выпадках хуткая выязджала да людзей, якія былі ў стане алкагольнага ап’янення.
У заключнай частцы выступлення галоўны ўрач ЦРБ акрэсліў задачы на бягучы год па павелічэнні нараджальнасці, зніжэнні смяротнасці, узроўні захворваемасці, па вырашэнні кадравай праблемы. Ён звярнуўся да абласнога кіраўніцтва з просьбай дапамагчы сродкамі на рамонт тэрапеўтычнага аддзялення, кабінетаў паліклінікі.
З судакладамі выступілі галоўны санітарны ўрач раёна С. А. Конышаў і загадчык паліклінікі Я. Г. Віеру.
Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў падзякаваў медыкам за напружаную работу, паставіў задачу “звесці дэмаграфічныя нажніцы” – як было да 1991 года, калі нараджальнасць была роўная ці перавышала смяротнасць – толькі ў такім выпадку раён будзе жыць і будзе мець перспектыву. Ён расказаў аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2013 год і задачах на бягучы год.
Намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама М. Л. Вішнявецкі звярнуў увагу на вырашэнне кадравага пытання, замацавання маладых спецыялістаў у раёне, на павышэнне кваліфікацыі і атэстацыю медыкаў. Падкрэсліў важнасць платных паслуг і неабходнасць зарабляць грошы, якія можна накіроўваць на развіццё ўстановы  і павышэнне зарплаты работнікаў. Прадстаўнік абласнога кіраўніцтва ўручыў граматы абласнога ўпраўлення ўрачу-фтызіятру І. І. Цімошчанку і медыцынскай сястры Т. А. Жукавай.
Напрыканцы пасяджэння К. Ф. Баканаў падвёў вынікі агляду-конкурсу работы медыкаў і ўручыў граматы лепшым: хірургічнаму аддзяленню ЦРБ (загадчык А. К. Рудовіч), Башнёўскаму ФАПу (З. Ф. Калдунова), раённаму ўрачу-педыятру Л. В. Суханавай, зубному фельчару Д. І. Кусту.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
надрукавана ў №13 ад 18.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *