Куды б ні закінуў лёс, жонка заўсёды была побач
Нядаўна Іван Іванавіч і Надзея Іванаўна Гусаравы з Обалі справілі залатое вяселле. Рознае было ў жыцці, але заўсёды стараліся падтрымліваць адзін аднаго, разам пераадольвалі цяжкасці. Таму, напэўна, і не задзьмула жыццёвымі вятрамі той агеньчык цёплага пачуцця, які Гусаравы пранеслі праз усё жыццё. Той агеньчык перадалі ў спадчыну дачцэ і сыну, двум унукам.
Пазнаёміліся Надзея і Іван ў саўгасе “Белае” Полацкага раёна. Туды накіравалі працаваць маладога ветурача пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута, тут ён і сустрэў сваё каханне. Сям’я спачатку жыла ў Полацкім раёне, а ў 1966 годзе пераехала ў Мікіціху – Івана Іванавіча накіравалі працаваць галоўным ветурачом у саўгас “Лаўжанскі”. За добрую работу ў 1970 годзе ён быў узнагароджаны медалём “За доблесную працу”.
А ў 1973 годзе Івана Іванавіча, як пераможцу сацыялістычных спаборніцтваў, як аднаго з лепшых ветурачоў раёна і сакратара партыйнай арганізацыі саўгаса, узнагародзілі паездкай на Выставу дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскву.
“Ды ў поспехах гаспадаркі была заслуга перш за ўсё яе кіраўнікоў, – сціпла кажа наш субяседнік. – Талковым дырэктарам быў Валерый Андрэевіч Волкаў. Пасля гаспадаркай кіраваў Пётр Ігнатавіч Кузьмін – вопытны і аўтарытэтны кіраўнік. Калі я працаваў на жывёлагадоўчым комплексе ветурачом (тады там было 12,5 тысячы быкоў), то пастаянна адчуваў падтрымку кіраўніка. У Пятра Ігнатавіча быў строгі дэтальны кантроль за кожным аб’ектам, усюды панавалі дысцыпліна і парадак. Ён штодзённа аб’язджаў кожную ферму. Разам з тым умела размяркоўваў паўнамоцтвы, заўсёды пытаўся думкі спецыялістаў у прыняцці важных рашэнняў. І такі стыль работы быў апраўданы – вунь якая моцная гаспадарка тады была ”.
Іван Іванавіч, калі яго ў 1979 годзе прызначылі старшынёй калгаса “Пабеда” (в. Навікі, у той час Бешанковіцкі раён), узяў за аснову гэты стыль работы. Былыя калегі па рабоце згадваюць, што І. І. Гусараў быў справядлівым і патрабавальным, хаця гэта не ўсім і не заўсёды было па густу. Іван Іванавіч заўсёды паважаў простага працаўніка. Людзі цягнуліся да яго і верылі свайму кіраўніку, які літаральна за два гады вывеў стратны калгас на прыбытковую работу. “У рабоце мне вельмі дапамагаў сакратар Бешанковіцкага райкама партыі Сяргей Уладзіміравіч Таран”, – згадвае Іван Іванавіч.
І куды б ні закінуў яго лёс, жонка заўсёды была побач. І. І. Гусараў жартам называе яе “дзекабрысткай”, бо яна ехала за мужам, уладкоўвалася па спецыяльнасці швачкай ці на якую іншую работу. Разам з мужам свята верыла: куды партыя накіравала – значыць, туды і трэба ехаць працаваць.
У 1987 годзе Івана Іванавіча выбралі старшынёй Обальскага пасялковага Савета. Нялёгка было на гэтай пасадзе ў складаныя часы перабудовы. “Тым не менш, мяне заўсёды падтрымліваў мой надзейны тыл – жонка, – кажа субяседнік. – Адчуваць надзейную апору важна для любога чалавека, а тым больш для кіраўніка. І я ўдзячны жонцы за разуменне, за вытрымку і цярплівасць. Дзякуючы гэтаму і пражылі мы разам шчаслівыя пяцьдзясят гадоў”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №11 ад 11.02.2014 г.