Каця Філіпенка – у дзясятцы лепшых
З цудоўным настроем, морам эмоцый і ўражанняў, а што самае галоўнае – з выдатнай перамогай прыехала з «Зубраня» Кацярына Філіпенка, вучаніца 8 “В” класа Шумілінскай СШ №1, якая ўдзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе юных вакалістаў “Звонкая раніца-4”.
“Не, канешне, крыху і суму хапае”, – прызнаецца Каця. – Шкада, што ўся гэтая казка закончылася. Вы не ўяўляеце, як там усё было класна.”
Між іншым, былі і слёзы. Праўда, не з-за расчаравання і няўдачы. Хутчэй з-за боязі і нейкай няўпэўненасці ў сабе – дужа хвалявалася, а ўсё ж змагла вывучыць і годна выканаць перад строгім прафесійным журы знакамітыя хіты сусветных зорак Ціны Цёрнер і Уітні Х’юстан.
“Гэта, напэўна, пакуль што наша самая яркая перамога, – кажа Алена Фёдарава, выкладчыца Дзіцячай школы мастацтваў (яна і параіла сваёй вучаніцы, якая займаецца ў яе па класе “харавое аддзяленне”, пайсці на кастынг – аўт.), – і я вельмі задаволена і вынікам Каці, і наогул тым, што ў дзяўчыны была магчымасць браць урокі па вакалу і харэаграфіі ў прафесійных настаўнікаў, вучыцца акцёрскаму майстэрству”.
Талент Кацярыны Філіпенка быў высока ацэнены. Дзяўчына ўвайшла ў дзясятку пераможцаў конкурсу “Звонкая раніца-4”, за што атрымала дыплом і падарунак у выглядзе сучаснай музычнай сістэмы.
Алена КАРПУШЭНКА.