Жаданыя падарункі
Лаўжанскі сельсавет у 2009 годзе, а Светласельскі зусім нядаўна за перамогу ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкавання машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў» атрымалі салідныя прызы — трактары. Новая тэхніка на вёсцы патрэбна, як паветра, але ж улады нізавога звяна не могуць па штаце мець адзінку трактарыста, і трактары “завіслі”.
У раёне знайшлі разумнае рашэнне — перадаць новую тэхніку ў мясцовыя аддзяленні УП ЖКГ. Але падарункі для камунальнікаў мэтавыя: тэхніка — каб перш за ўсё рашаць пытанні добраўпарадкавання, чысціць дарогі, дапамагаць вяскоўцам у вядзенні асабістых падсобных гаспадарак. У Башнёўскае аддзяленне УП ЖКГ перададзены трактар МТЗ-892. Старшыня Светласельскага сельвыканкама В. В. Шчарбакоў уручыў дакументы і ключы на тэхніку дырэктару УП ЖКГ В. А. Коўзану (на здымку). Камунальнікі паспелі ўжо закупіць для падарунка навясныя агрэгаты — лапату і шчотку.
Ва ўрачыстых абставінах уручыла В. А. Коўзану дакументы на міні-трактар МТЗ-132Н старшыня Лаўжанскага сельвыканкама С. П. Кійко. Да тэхнікі ў прычэпе ляжалі плуг, культыватар, баронкі, фраза. Валерый Антонавіч, дзякуючы за падарункі, сказаў, што мае намер прыдбаць да трактара ў Мікіціхінскім аддзяленні ротарную касілку, прызнаўся: амаль тры апошнія гады УП ЖКГ не набывала новай тэхнікі. Так што падарункі вельмі дарэчы.
Ва ўрачыстай перадачы тэхнікі брала ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
Мікалай ЯНЧЫН.
Надрукавана ў №88 ад 12.11.2010 г.