К 90-летию Шумилинского района. Вспоминает ветеран труда Геннадий Изепченко

Край шумілінскі Людзі і лёсы

Затрымаўся ў Шумілінскім раёне на ўсё жыццё
Генадзь Аляксандравіч Ізепчанка з вёскі Сіроціна – ветэран працы, адпрацаваў у калгасе імя Урыцкага амаль сорак гадоў. За добрую работу ўзнагароджаны медалём “За працоўную доблесць” і ордэнам “Знак пашаны”.
Вяскоўцы памятаюць, як гэты падцягнуты, рухавы чалавек  садзіўся на каня і даязджаў да кожнага калгаснага поля. Конь давозіў галоўнага агранома туды, дзе буксавалі нават УАЗікі. Таму, напэўна, Генадзь Аляксандравіч і не прасіў у старшыні калгаса сабе машыну.
Ведаць кожны кавалачак поля, як і што пасеялі, дзе недапрацавалі, – гэта быў стыль работы  Г. А. Ізепчанкі. Ён не мог працаваць дрэнна, гэтага патрабаваў і ад іншых.
Генадзя Аляксандравіча мы сустрэлі дома  за работай. “Ды карову вось трымаю, курэй, – дзяліўся гаспадар. – Па гаспадарцы шмат работы”. Так, ён і сёння не можа дазволіць сабе сядзець без работы. Практычна круглы год здае дзяржаве малако. І, як нам расказалі ў Сіроцінскім сельвыканкаме, з’яўляецца адным з лепшых малаказдатчыкаў у вёсцы.
Генадзь Аляксандравіч расказаў раённым журналістам пра сваю работу ў калгасе, пра былых кіраўнікоў. “Сам я родам з Віцебскага раёна, прыехаў у Сіроціна па накіраванні пасля заканчэння Горацкай акадэміі, – кажа наш субяседнік. – Думаў часова, а затрымаўся ў Шумілінскім раёне на ўсё жыццё. На маёй памяці ў калгасе памянялася нямала кіраўнікоў. Мне давялося працаваць  са Штрыкманам, Шахлевічам, Суднікавым. Але асабліва запомніўся Юрый Сяргеевіч Грабеннікаў, яго стыль работы. Кандыдат сельскагаспадарчых навук, ён добраахвотна ўзначаліў наш калгас, адпрацаваў тут дзевяць гадоў. Добрымі кіраўнікамі і сапраўднымі гаспадарамі былі Юрый Архіпавіч Гіркін і Іван Данілавіч Сукач. Пры іх у калгасе былі дысцыпліна і парадак”. Пасля Ю. С. Грабеннікава  Генадзь Аляксандравіч амаль тры гады выконваў абавязкі старшыні калгаса. У 70-я гады ў калгасе Урыцкага вырошчвалі лён, зерневыя, бульбу. І па ўраджайнасці гэтых культур сярод 21 сельгаспрадпрыемства раёна калгас кожны год уваходзіў у пяцёрку лідараў. У гэтым, безумоўна, была вялікая заслуга галоўнага агранома гаспадаркі. “Ды не, у мяне было многа памочнікаў, – сціпла кажа Генадзь Аляксандравіч. – Па вырошчванні бульбы, напрыклад, незаменным звеннявым быў Волкаў Міхаіл Варфаламеевіч. Былы франтавік, ён любіў і ўмеў працаваць на зямлі. А бульба ў той час вельмі карысталася попытам – яе прадавалі нават у Сярэднюю Азію. І гаспадарка мела ад гэтага нядрэнны прыбытак”.
І апошняе. Г. А. Ізепчанка не толькі добры гаспадарнік, шчыры чалавек, але і клапатлівы бацька. Разам з жонкай Таццянай Іларыёнаўнай выхавалі тры дачкі і сына, маюць шэсць унукаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №7 ад 28.01.2014 г.



1 комментарий по теме “К 90-летию Шумилинского района. Вспоминает ветеран труда Геннадий Изепченко

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *