Люди и судьбы. Юрист Заблоцкий

Людзі і лёсы

Юрыст. Тактоўны і захоплены чалавек
Чалавек, якому неўзабаве будзе 60, часцей за ўсё задумваецца пра тое, які след пакінуў у жыцці. Азіраецца на пройдзены шлях і Юрый Заблоцкі.
“Ён  ніколі не дапускаў дробязных прыдзірак, – кажа былы калега па аддзелу міліцыі І. А. Касцюк.– Патрабаваў, але ніколі нікога не зняважыў, ніколі не прыніжаў гонар і годнасць сваіх падначаленых…”
Пачынаў жа Ю. У. Заблоцкі пасля школы не з “органаў”. Пасля арміі сеў за баранку машыны ў райсельгастэхніцы, затым працаваў вадзіцелем на вінзаводзе. Хапіла шэсць гадоў, каб выспела ў яго думка стаць міліцыянерам. Паступіў у Вышэйшую школу МУС у Мінску з першай спробы,  праўда, у прыёмнай камісіі неяк падазрона спыталі: “З вінзавода і ў міліцыю?..” Гучала трохі здзекліва, хаця словы абітурыент прыняў за жарт. Вучыўся Юрый захоплена, старанна грыз граніт навукі і ВНУ закончыў з чырвоным дыпломам. Будучы афіцэрам у запасе, ён пасля Вышэйшай школы МУС атрымаў званне старшага лейтэнанта.
Вярнуўся з вучобы на радзіму, працаваў у аддзеле па барацьбе з раскраданнем і крадзяжамі. Вучыў азам “навукі” яго Я. П. Кавалёў, затым, калі той перавёўся ў следчыя органы, за настаўніка стаў В. М. Сілкін. З пасады старшага следчага і быў прызначаны намеснікам начальніка РАУС.
Сам юбіляр ахвотна прыгадвае той час – нялёгкі, але цікавы. Начальнікам міліцыі быў М. Я. Барадаўка – талковы,  разважлівы і дзелавы кіраўнік, намеснік ва ўсім  яму дапамагаў, ва ўсім яго  падтрымліваў.
Пра тое, што Юрый Заблоцкі карэктны, тактоўны  – ведалі не толькі ў аддзеле, а і ўсе, з кім сябраваў. Што разважлівы, што ў сям’і клапатлівы – таксама, хаця дамоў з работы прыходзілася часта вяртацца позна, і жонка Людміла наўрад ці ў захапленні была ад гэтага. Тым не менш яна разумела мужа, ведала: служба!
Разумее яго ўсё жыццё. І тады, калі выйшаў на пенсію і калі не сядзелася дома, бо ведаў, што не да канца сябе вычарпаў як юрыст. І ён ідзе ў юрыдычную кансультацыю, неўзабаве быў прызначаны загадчыкам. Ён дае кансультацыі, выступае на судзе адвакатам. Прафесійна і адказна ставіцца да сваіх абавязкаў, справу ведае на яць. Як пацвярджэнне – Ганаровая грамата Рэспубліканскай калегіі адвакатаў. Разумее жонка, і калі ён збірае свой рыбацкі рыштунак і на дзень  едзе на возера. А прыахвоціўся ён да зімовай рыбалкі, напэўна, з сёмага класа школы.
Дарэчы, СШ № 2, дзе вучыўся, закончыў на “4” і “5”. Настаўнікі спадзяваліся, што ён адразу будзе паступаць у інстытут, а ён паступіў толькі праз шэсць гадоў, і паступіў, не надта штудзіруючы падручнікі, бо многае засталося са школьнай пары.
Ва ўсіх пачынаннях яго падтрымлівала матуля. Яму (а ён рана, калі было ўсяго год ці два, страціў бацьку) яна была і за бацьку, паставіла на ногі і вывела ў людзі трох дзяцей. Родам бацькі Юрыя з Баранавіч, абодва працавалі на чыгунцы. Пасля смерці гаспадара маці з дзецьмі прыехала ў Шуміліна, дзе на той час жыла бабуля Юрыя Заблоцкага. А маці  нейкі час працавала начальнікам станцыі Шуміліна…
Дзяцінства, юнацтва, усё жыццё ў Ю. У. Заблоцкага прайшло ў Шуміліне. Тут ён паступаў у партыю (і сёння захоўвае, не выкідвае партыйны білет і асабовую справу), адсюль ехаў на вучобу, сюды вярнуўся, каб прысвяціць сябе  юрыспрудэнцыі. У Шуміліне нажыў добрую і трывалую рэпутацыю. Ён лічыць, што галоўнае ў жыцці – заставацца чалавекам.
Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў №7 ад 28.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *