Пра сувязь паміж шчаслівым дзяцінствам і авакада
22 студзеня пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама А. М. Зайцава прайшло чарговае пасяджэнне грамадскага пункта аховы парадку. З 44-х запрошаных на пасяджэнне асоб з’явіліся шасцёра, двое з якіх былі дастаўлены супрацоўнікамі міліцыі.
Жыццё да непрыстойнасці лагічнае, як бы нам ні хацелася час ад часу ў гэтым усумніцца. Калі сееш буракі, наіўна спадзявацца, што вырасце авакада. А некаторыя, бывае, спадзяюцца… Спадзяюцца, што нарадзіўшы паміж “гастролямі” па турмах ды ЛПП дзяцей, у старасці будуць мець прадугледжаныя ўзростам клопат і догляд. Абураюцца потым, маўляў, ён жа п’е кожны дзень (гэта пра сына), жыцця нам, старым, не дае, нідзе не працуе, яшчэ і дужа хворы. Абараніце нас, бездапаможных – звяртаюцца ва ўсе магчымыя інстанцыі. Яны, канешне, ужо не спадзяюцца на “авакада”, хочуць проста спакою ў старасці, а для гэтага сын павінен знікнуць, проста растварыцца, перастаць існаваць. Як не існавала яго для бацькоў тады, калі яму, яшчэ малому, трэба было пачытаць казку, узяць на рыбалку, разам пасмяяцца ці выцерці слёзкі. Цяпер ужо нічога не выправіш, гэта канкрэтная хвароба асуджана на хранічнае цячэнне з рэгулярнымі абвастрэннямі. Але колькі ў нас сем’яў, сітуацыю дзе яшчэ магчыма змяніць. Варта толькі зразумець, што рабіць шчаслівымі сваіх дзяцей – не толькі высакародна, але і вельмі цікава і захапляльна.
Як зразумеў гэта адзін малады чалавек, што менавіта дзеля дзяцей кінуў ездзіць на заробкі ў Маскву. Ён, а бывае гэта не часта, займаўся з псіхолагам, што, па ўсім відаць, і паўплывала на пераацэнку каштоўнасцяў.
Што ж тычыцца сталіцы суседняй дзяржавы, то на такіх пасяджэннях яна ўзгадваецца выключна негатыўна. Сітуацыя прыкладна такая. Муж ці проста мужчына працуе ў Маскве, прыязджае рэдка, мае грошы і вялікае жаданне адпачыць і прадэманстраваць іх (грошы) як мага большай колькасці людзей. Вынік, як правіла, бывае адзін і той жа: “у п’яным выглядзе ў грамадскім месцы”, пратакол, штраф, пасяджэнне грамадскага пункту, папярэджанне пра магчымасць трапіць у ЛПП. Так што “Масква” ў гэтым выпадку істотна дабаўляе работы праваахоўным і прафілактычным структурам.
Каб закончыць на добрай ноце, варта ўзгадаць, што ўсе гэтыя людзі далі па-дзіцячы кранальнае абяцанне: “Мы больш так не будзем”.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №7 ад 28.01.2014 г.