Веласіпед у пад’ездзе? Плаці штраф
У рэдакцыю патэлефанавалі нашы чытачы з вуліцы Юбілейнай і расказалі, што на лесвічнай пляцоўцы ў шматпавярхоўках цяжка прайсці з-за дзіцячых калясак і веласіпедаў. “Ідзеш з магазіна з двума пакетамі, дык чапляешся за гэтыя веласіпеды, ледзь праціскаешся ў невялікі праход, – даводзілі жанчыны. – Кожны дзень адганяць чужыя веласіпеды ад сваёй паштовай скрыні таксама надакучыла”.
Што рабіць у такой сітуацыі? Чыста па-чалавечы папрасіць суседзяў прыбраць з пляцовак каляскі і больш там іх не ставіць? Можна паспрабаваць. Але, як паказвае жыццё, разумеюць не ўсе. Таму мы звярнуліся за каментарыем да вядучага юрысконсульта УП ЖКГ Я. І. Дзяменцьева. “Так, названая праблема хвалюе не толькі жыхароў Юбілейнай, але і Сіпко, Маладзёжнай, 70 год БССР і іншых вуліц, – кажа Ягор Ігаравіч. – Прыбіральшчыцы скардзяцца, што з-за веласіпедаў нельга нармальна пад’езд падмесці. Просяць расклеіць па пад’ездах лістоўкі-папярэджанні, каб людзі ўбралі свае веласіпеды. Але на заўвагі многія проста не рэагуюць. Такім непаслухмяным уладальнікам веласіпедаў не перашкодзіць нагадаць, што згодна з “Правіламі карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў” забараняецца загрувашчваць месцы агульнага карыстання – лесвічныя клеткі, калідоры, пляцоўкі. Калі ў камунгас паступіць заява на чалавека, які сваімі рэчамі сістэматычна загрувашчвае праходы на пляцоўках, то на яго складаецца адміністрацыйны пратакол. І ніякага папярэджання тут не прадугледжана. Адразу – штраф, мінімум 10 базавых велічынь – гэта 1,3 мільёна рублёў, а максімум – у тры разы большы. Дык ці не лепш будзе прыбраць свае каляскі з веласіпедамі ў кватэру ці падвалы і не перашкаджаць суседзям? Яшчэ раз паўтаруся: трэба памятаць, што пляцоўка шматпавярховага дома – гэта не чыясьці ўласнасць, а месца агульнага карыстання, і захоўваць там свае рэчы забараняецца”.
Юрыста актыўна падтрымліваюць і міліцыянеры, якім даводзіцца шукаць украдзеныя з пад’ездаў веласіпеды і каляскі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №7 ад 28.01.2014 г.