Я бы не назвал эти меры жесткими

Закон Происшествия

Я б не назваў гэтыя меры жорсткімі
Сёння ў грамадстве з асаблівай зацікаўленасцю абмяркоўваецца тэма канфіскацыі аўтамабіля за ваджэнне ў нецвярозым стане (двойчы на працягу года), крымінальная адказнасць за гэта. Думкі разыходзяцца. Нехта лічыць, што мера гэта залішне строгая. Але мне як пракурору раёна, ды і наогул, чалавеку, які штодня ўдзельнічае ў дарожным руху, так не здаецца. Ва ўсялякім разе, я б не назваў гэтыя меры жорсткімі. За  ўсімі здарэннямі, звязанымі з нецвярозымі вадзіцелямі на дарозе, як правіла, стаяць чалавечыя ахвяры. А значыць, гаварыць пра нейкую лаяльнасць  у такіх сітуацыях не прыходзіцца.
Няма нічога даражэйшага за чалавечае жыццё. І свядомы чалавек ніколі не дазволіць сабе варварства – сесці за руль пасля чаркі. Але часта прыходзілася і прыходзіцца сутыкацца з выпадкамі, калі людзі з асаблівай настойлівасцю ігнаруюць патрабаванні закону. Узяць хоць бы нядаўні абсалютна абуральны выпадак. Жыхар нашага горада быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ на вуліцы 40 год Кастрычніка ноччу 1 студзеня гэтага года. Ён кіраваў аўтамабілем “Фольксваген-Джэта”. Мала таго, што мужчына быў нецвярозы, дык і статусу вадзіцеля ён ужо таксама не меў. Яго раней ужо чатыры разы судзілі па адным і тым жа артыкуле №317-1 Крымінальнага кодэкса “Кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення”. І зараз ён зноў, ужо ў пяты раз, сеў за руль п’яны. Тут, лічу, мала проста пазбавіць яго аўтамабіля, трэба абмежаваць і свабоду. Магчыма, гэта ўратуе некаму жыццё. 11 студзеня пракуратурай Шумілінскага раёна супраць парушальніка ўзбуджана крымінальная справа. Ён арыштаваны да прыгавору суда. Гэтаму шумілінцу можа пагражаць тэрмін пазбаўлення волі да трох год, і вядома, з машынай яму таксама прыйдзецца развітацца. Мужчына адчуў усю сур’ёзнасць сітуацыі і пачаў выбачацца, нешта абяцаць, успомніў пра сваіх двух дзетак, якіх трэба гадаваць. Але ж па дарогах таксама ходзяць нечыя дзеці…
Я думаю, што такое новаўвядзенне абавязкова паўплывае на свядомасць тых, хто раней мог дазволіць сабе ездзіць п’яным. Ну, а самыя несвядомыя проста пазбавяцца магчымасці выязджаць, што таксама павін-на паспрыяць спакойнай сітуацыі на дарогах.
Я. ГУЛЯЕЎ, пракурор раёна.
Надрукавана ў №7 ад 28.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *