Стратны лён
У вобласці праведзена рэарганізацыя льнозаводаў. У выніку іх колькасць скарацілася з 20 да 13. Ці даў гэты крок магчымасць больш эфектыўна развіваць льняную галіну? Наўрад, і гэта лішні раз пацвярджаюць кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы, праведзеныя работнікамі Камітэта дзяржкантролю.
За апошнія 3 гады ў вобласці назіраецца тэндэнцыя па зніжэнні аб’ёмаў льновалакна, у тым ліку і доўгага, зніжаецца якасць сыравіны (льнотрасты). Галіна па-ранейшаму нерэнтабельная. Напрыклад, за 9 месяцаў 2013 года страты ад рэалізацыі прадукцыі па вобласці склалі 31,8 мільярда рублёў.
Між тым, на думку супрацоўнікаў Камітэта, асобныя льнозаводы маглі б мець рэальныя прыбыткі, а не страты. Адзін з прыкладаў – ААТ “Пастаўскі льнозавод”, дзе страты за 9 месяцаў мінулага года склалі 555 мільёнаў рублёў.
Асноўныя прычыны нізкай якасці льновалакна – дрэнная па якасці сыравіна, істотны фізічны знос тэхналагічнага абсталявання льнозаводаў.
Маюцца факты страт якасці льнотрасты, нарыхтаванай у 2004-2012 гг., з-за дрэнных умоў захоўвання. У якасці прыкладаў можна прывесці Багушэўскі і Сенненскі льнозаводы, дзе якасныя параметры страцілі 1175,6 тысячы тон льнотрасты, нарыхтаванай у 2007-2008 гг., на суму 1,3 мільярда рублёў.
Па даных ААТ “Віцебскабллён” усяго на льнозаводах вобласці на 1 жніўня 2013 г. мелася 16,9 тысячы тон неперапрацаванай льнотрасты, нарыхтаванай у 2004-2012 гг., на суму прыкладна 17 мільярдаў рублёў. Гэтых рэшткаў хапіла б для работы 5 льнозаводаў з магутнасцю 3,4 тысячы тон льнотрасты ў год пры двухзменным рэжыме работы.
Неэфектыўна выкарыстоўваюцца льготныя крэдытныя сродкі, выдзеленыя ў адпаведнасці з дзяржпраграмай на мадэрнізацыю шэрагу льнозаводаў.
Па выніках праверак прыцягнуты да крымінальнай адказнасці 2 дырэктары льнозаводаў, да дысцыплінарнай – 22 спецыялісты правераных прадпрыемстваў, 15 фізічных асоб і 3 юрыдычныя асобы аштрафаваны.
Машыну спынілі, тавар арыштавалі
18 снежня 2013 года Аршанскім міжраённым аддзелам УДФР Камітэта дзяржкантролю была затрымана аўтамашына (кіраваў аўто жыхар Мінскай вобласці), у якой перавозілася бытавая тэхніка агульным коштам 429,9 мільёна рублёў без суправаджальных дакументаў.
Тэхніка арыштавана. Праз некалькі дзён супрацоўнікамі таго ж Аршанскага аддзела УДФР затрыманы аўтамабіль, які рухаўся ў бок Мінска. У машыне везлі тэлевізары без кантрольных знакаў коштам 196,9 мільёна рублёў. Тавар таксама арыштаваны. Па дадзеных фактах пачаты адміністрацыйныя працэсы.
Скупка мяса – па-за законам
Узбуджана крымінальная справа за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць у адносінах да грамадзяніна, які са жніўня 2012 г. па снежань 2013 г. на тэрыторыі Міёрскага раёна без рэгістрацыі і ліцэнзіі скупляў у насельніцтва мяса буйной рагатай жывёлы з наступным перапродажам. У выніку ён атрымаў даход у суме 143 мільёны рублёў.
Падрыхтаваў Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў №7 ад 28.01.2014 г.