Каму што баліць
“Прамую лінію” і прыём грамадзян па асабістых пытаннях правёў на гэтым тыдні кіраўнік раёна У. П. Куранны.
22 студзеня рабочы дзень у старшыні райвыканкама пачаўся з прыёму грамадзян па асабістых пытаннях. Яшчэ да вызначанага часу завітала дэлегацыя жанчын з вёскі Пабеда (настаўнікі Лаўжанскай школы і бацькі вучняў). Жанчынам баліць, што іх школа з маленькай колькасцю вучняў і блізкім суседствам з Мікіціхінскай СШ падпадае пад рэструктурызацыю. Але перспектыву школы стаць пачатковай ім хацелася б аддаліць. Жанчыны даводзілі старшыні райвыканкама, што бюджэт не многа выйграе, скараціўшы некалькі настаўнікаў, але вымушаны ацяпляць вялікі двухпавярховы будынак. Боль ад гэтай неабходнасці знаёмы і зразумелы, як і ад самога працэсу скарачэння сельскага насельніцтва. Тым не менш кіраўнік раёна запэўніў, што ніхто не збіраецца сячы з пляча, паабяцаў сам у бліжэйшы час наведаць школу, на месцы азнаёміцца з сітуацыяй і толькі пасля гэтага прыняць рашэнне.
У гэты ж дзень на “прамую лінію” да старшыні райвыканкама звярнулася 11 чалавек. Сярод гэтых зваротаў была адна падзяка: Г. У. Дзмітрыева з Дабеі дзякавала камунальнікам за аператыўную работу. “Здарылася, што ў вёсцы замерзла калонка, – расказала былы паштовы работнік з 40-гадовым стажам, – звярнуліся ў камунальную службу, і суткі не мінулі, як калонку адрамантавалі”. Асаблівую ўдзячнасць Галіна Уладзіміраўна адрасавала майстру ўчастка “Дабейскае” УП ЖКГ А. В. Лялюгу за аператыўнасць і, наогул, за добрую работу.
Але на гэтым прыемнасці для камунальнай службы закончыліся, пайшлі скаргі. У гэты дзень іх нямала паступіла з Обалі. Так, М. П. Баранаў (вул. Леніна, 4а) паскардзіўся на тое, што ў ягонай кватэры толькі 11 градусаў цяпла. Ён разоў пяць званіў у мясцовае аддзяленне УП ЖКГ, каб прыйшлі хоць кранікі на батарэях замянілі, але ніхто не адгукнуўся. Вось і вымушаны звярнуцца да старшыні райвыканкама…
П. І. Кадукоў (у пад’ездзе дома № 13 па вуліцы Першамайскай неізаляваныя трубы, губляецца цяпло, звярталіся ў камунальную службу, але там не адрэагавалі)…
Старэйшына дома № 7 па вуліцы Першамайскай Н. П. Яршова ад імя жыхароў дома выказала нязгоду з тым, што ў іх доме (і суседнім № 5) камунальная служба не ставіць лічыльнікі цяпла, і яны вымушаны плаціць больш, чым жыхары дамоў, дзе ўстаноўлены лічыльнікі…
Зноў усплыла праблема няспраўных сушылак для ручнікоў – гэта ўжо з райцэнтра званіла М. І. Несцярэнка (дом № 61 па вуліцы Юбілейнай)…
Сур’ёзнай дапамогі ад камунальнай службы чакаюць у Лявонаве, дзе з восені пакутуюць без вады – на “прамую лінію” патэлефанавала В. А. Хахель. Вера Аляксандраўна расказала, што камунальнікі з Обалі прыязджалі, цікавіліся, ці з’явілася вада і зноў знікалі…
Па лявонаўскаму пытанню, а таксама па ўсіх праблемах, якія закранулі жыхары Обалі і Шуміліна, У. П. Куранны даў тэрміновыя заданні дырэктару УП ЖКГ І. К. Штуро. Пра выкананне неабходна будзе далажыць на рабочай планёрцы ў бліжэйшы панядзелак. Уладзімір Пятровіч папрасіў і тых, хто звярнуўся да яго, перазваніць на прыёмную райвыканкама і расказаць, ці вырашана праблема.
Вельмі няпроста сёння знайсці сродкі на капітальны рамонт жылля. Але як жыць далей у доме, які сорак год не бачыў рамонту, пытаюцца жыхарка Обалі Д. Э. Мураўёва (з таго ж дома № 7 па вуліцы Першамайскай) і жыхарка дома № 2 па вуліцы Юбілейнай у Шуміліне С. Ф. Карнакова.
Пытанне капітальнага рамонту кіраўнік раёна адрасуе не толькі дырэктару УП ЖКГ, але і намесніку старшыні райвыканкама па пытаннях будаўніцтва А. П. Быкаву. Устаноўка – найперш адрамантаваць дахі.
Два пытанні паступілі па гандлёвым абслугоўванні. С. П. Салаўёва з райцэнтра хвалявалася, чаму не працуе магазін “Гасцінец” на вуліцы Лескавіцкай, а жыхарка Мікіціхі Г. В. Асташонак ад імя жыхароў аграгарадка выказала пажаданне мець у Мікіцісе яшчэ адзін харчовы магазін (у мікрараёне за майстэрнямі). І калі першае пытанне старшыня райспажыўтаварыства Л. С. Доктарава паабяцала вырашыць на працягу тыдня (зараз абучаюцца кадры), то другое наўрад ці – райпо не пацягне, бо яшчэ адна крама ў Мікіцісе толькі павялічыць страты прадпрыемства. Размова можа ісці хіба толькі пра кіёск, адказаў на гэтую просьбу старшыня райвыканкама.
За дапамогай па прыватызацыі жылля звярнулася ў райвыканкам пенсіянерка З. Ц. Градоўкіна з Лескавіч. Яна расказала, што недзе ў працэсе падрыхтоўкі згубілася частка дакументаў, а дзе іх цяпер шукаць, што рабіць далей?
Разабрацца ў сітуацыі і дапамагчы жанчыне – такое заданне У. П. Куранны даў начальніку аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В. А. Емяльянаву.
Наогул, старшыня райвыканкама перакананы, што калі чалавек звоніць, значыць, яму набалела, і трэба рашаць праблемы, а не адмахвацца ад іх.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукаваныя ў №6 ад 24.01.2014 г.