Абыякавасць, якая шакіруе
Напрыканцы мінулага года ў будынку Лаўжанскага сельвыканкама адбыўся выязны суд, на якім разглядалася справа аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў мужа і жонкі К. з Пабеды.
Як адзначае старшыня суда Шумілінскага раёна Алена Сініцкая, любое пазбаўленне бацькоўскіх правоў – справа асаблівая, тут вырашаецца лёс маленькага чалавека. “Большасць такіх гора-бацькоў забыліся на сваіх дзяцей з-за бутэлькі, – гаворыць суддзя. – З-за спіртнога яны нідзе не працуюць альбо перабіваюцца выпадковымі заробкамі, не могуць забяспечыць сваім малым самыя элементарныя ўмовы для нармальнага жыцця і развіцця. Дзеці недагледжаныя і галодныя”.
А вось з бацькамі К. не ўсё так проста. Справа ў тым, што для іх галоўнае ўсё, толькі вось не іх дачка. Малую (2009 года нараджэння) на шэсць месяцаў забралі з гэтай сям’і. Мама і тата наведалі дачку толькі праз тры месяцы, а ўсяго пабывалі ў прытулку чатыры разы. “Чаму так рэдка наведваліся да дачкі?” – пытаецца намеснік пракурора раёна Дзмітрый Храловіч. Адказ шакіраваў усіх: “А на каго было карову пакінуць?”
Тое, што дзяўчынку забралі ў прытулак, не стала для бацькоў катастрофай, мужчына працягваў піць, праўда, клапаціліся пра каня, карову, збіралі ураджай, нарыхтоўвалі дровы… Менавіта пра гэта яны расказалі на судзе. І пра дачку ні слова. Толькі пасля таго, як суддзя Алена Сініцкая не стрымалася і спытала пра дзяўчынку, яны быццам ўспомнілі, што яна ў іх ёсць.
Муж і жонка на судзе так і не маглі зразумець, чаму ад іх забралі дачку. “Накормлена, апранута”. Для іх гэта быў максімум бацькоўскага выхавання. Праўда, і гэты “максімум” бацькі забываліся забяспечваць. Калі карову кармілі рэгулярна, то трохгадовай дзяўчынцы часта забываліся прыгатаваць ежу. Ніхто за малой не глядзеў, бацькам не было розніцы, дзе яна гуляе – на дарозе ці каля вадаёма. Ды і п’яныя кампаніі былі частымі наведвальнікамі ў іх доме.
Ужо будучы абавязанымі асобамі, мужчына і жанчына мелі прагулы на рабоце. Высветлілася, што мужчына часам запіваў – вось і прычына прагулаў. І жонка ў гэты час на работу не ходзіць. “Трэба ж і за каровай, і за канём глядзець, і за мужам…” – апраўдваецца жанчына. І зноў пра дачку ні слова. Дарэчы, сама яна выхоўвалася без бацькоў, у інтэрнаце.
Спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама адзначылі на судзе, што зараз дзяўчынка знаходзіцца ў прыёмнай сям’і. Невядома, што адчулі К., калі ім расказалі, як іх дачушка радавалася, што ў яе ёсць цяпер асобны ложак з чыстай бялізнай, ёсць цацкі і што новыя бацькі з ёй размаўляюць і гуляюць…
Заўсёды на судзе даецца апошняе слова. І калі маці яшчэ нешта спрабавала казаць, што дачцэ будзе лепш з імі, то да апошняга слова бацькі і дадаць няма чаго “Дачку вернеце – дык вернеце, а не – дык не”. Адным словам, без каментарыяў.
(Да слова. Пасля адабрання дачкі бацьку выдалі накіраванне на лячэнне ад алкагалізму. Але мужчына ў бальніцу так і не паехаў).
Прысуд – пазбавіць бацькоўскіх правоў бацькоў К. У гэты час у маці першы раз на вачах з’явіліся слёзы, а ў бацькі – аніякай рэакцыі, ні адзін мускул не дзёрнуўся…
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №5 ад 21.01.2014 г.