Легенды и предания Шумилинского края

Край шумілінскі

Вёска салаўёў і шпакоў
Вёсачка Тропіна. Невялікая, размешчаная ўздоўж дарогі, што бяжыць у Сіроціна.  Зараз і жыхароў тут засталося ўсяго нічога – на пальцах рук пералічыш. А калісьці вёска была даволі вялікай. Як расказваюць старажылы, спачатку (гэта было яшчэ да рэвалюцыі 1917 года) тэрыторыя будучай вёскі была занятая лесам. Ён быў настолькі густы, дрэвы і кустоўе шчыльна перапля-ліся, нібыта абдымаючыся адзін з адным,  што без сякеры нельга было прайсці з аднаго краю ў другі.
“Сярод мясцовых жыхароў ходзіць легенда, што вось у гэтым лесе і пасяліліся два браты Салаўёвы – Васіль і Янка, – расказвае жыхарка Сіроціна Р. А. Лапавухава.  –  Дамы іх былі размешчаны даволі далёка адзін ад аднаго, бо браты спачатку не вельмі ладзілі. Але потым яны пасябравалі і каб зручна было хадзіць адзін да аднаго ў госці, з сякерай у руках зрабілі сярод гушчару прасеку, пратапталі шырокую сцежку (рус. – тропа).  Вось ад слова “тропа” і пайшла назва вёскі Тропіна. Спачатку вёска была размешчана на супрацьлеглым баку дарогі ад сённяшняга паселішча і насіла назву Старое Тропіна. Пра гэта калісьці расказвалі жыхары навакольных вёсак Дзмітрый Салаўёў, Валянціна Кляцкова, Марыя Шарыкава”.
З цягам часу вёска пашырылася, разраслася на два бакі дарогі. Па словах мясцовых жыхароў, тут былі распаўсюджаны ў асноўным два прозвішчы – Салаўёў і Шпакаў. І птушак з падобнымі назвамі было багата ў вясковым наваколлі. Таму жартам Тропіна яшчэ называлі вёскай салаўёў і шпакоў.
Дарэчы, даследчык Ю. Ю. Трусман у сваёй кнізе “Этымалогія мясцовых назваў Віцебскай губерніі”, якая была  надрукавана ў 1907 го-дзе, сцвярджае, што назва Тропіна ўтворана ад латышскага слова “топкі”.
Адкуль пайшлі Зямцы?
Жыхары Сіроціна  сцвярджаюць, што даўным-даўно ў вёсцы жыў свяшчэннік Волкаў. Дакладней, жыў ён тут толькі летам – такім чынам адпачываў на ўлонні прыроды. А на зіму з’язджаў у Санкт-Пецярбург.  Ён быў даволі багаты, і зямля, дзе зараз знаходзіцца вёска Зямцы, належала яму.
Памесце было размешчана непадалёк ад рэчкі Чэрніцы, у казачным кутку: побач былі бярозавая і ліпавыя алеі.  Дарэчы, некаторыя дрэвы захаваліся да нашага часу. Побач з памесцем быў фруктовы сад. А даглядаў за памесцем земскі, што затым адкупіў гэту зямлю ў пана.  Бедныя людзі жылі на хутарах, якія былі размешчаны ўдалечыні ад панскай сядзібы. А з цягам часу  пабудавалі тут сабе жыллё, так узнікла цэлая вёска. А паколькі зямля гэта была калісьці земскай, то вёску так і назвалі – Зямцы.
Калі ў пачатку 30-х гадоў пачалі будаваць дарогу Віцебск-Полацк, кожнаму хутару далі заданне: прывезці пэўную колькасць конскіх вазоў пяску, камення ці гравію.  А ў час калектывізацыі хутары сталі высяляць у больш вялікія вёскі, у тым ліку і ў Зямцы.
У даследчыка Ю. Ю. Трусмана іншая версія паходжання назвы вёскі Зямцы. На яго думку, назва вёскі пайшла ад слова зямец – пчаляр, які ў адрозненне ад бортніка, размяшчаў сваю пасеку на зямлі.
У гонар пана Мосара
Калісьці Сіроціна славілася  багатымі кірмашамі, якія праводзіліся на розныя святы. Па традыцыі быў кірмаш і на Хрышчэнне – 19 студзеня. У Сіроціна з’язджаліся людзі не тое што з навакольных вёсак, але і з розных гарадоў. Часта прыязджалі з Масквы і нават з Рыгі. Многія любілі скачкі на конях.
На кірмашах, наогул, было багата розных дзівацтваў. Мясцовыя жыхары кажуць, што пан Мосар, які жыў непадалёк ад Сіроціна, трымаў у гаспадарцы мядзведзя. Спецыяльна для пацехі. А на зімовых кірмашах запрагаў яго ў сані і катаўся.  Усім прысутным на кірмашы вельмі падабалася такая панская пацеха. У гонар пана Мосара і назвалі вёску Мосарава.
Даследчык Ю. Ю. Трусман у сваёй кнізе ”Этымалогія мясцовых назваў Віцебскай губерніі” піша, што  карані паходжання назвы вёскі Мосарава – фінскія. І ў перакладзе гэта слова азначае “гравій, рыхлая глеба”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

Калі  вы ведаеце мясцовыя легенды, паданні пішыце ці тэлефануйце ў рэдакцыю. Цікавыя звечткі з гісторыі нашага краю знікаюць з часам. Наш абавязак —  захаваць іх.

Надрукавана ў №5 ад 21.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *